Пракуратура прапануе спыніць будаўніцтва бізнэс-цэнтру на месцы дзіцячага садка ў Менску

Гарадзкая пракуратура знайшла парушэньні ў праекце, па якім будуецца бізнэс-цэнтар на праспэкце Незалежнасьці, 93-б у Менску. Яна прапануе Менгарвыканкаму прыпыніць будоўлю.

Будаўніцтва пачалося летам 2018 году. На месцы былога дзіцячага садка за 150 мэтраў ад праспэкту Незалежнасьці (у раёне станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў») узводзяць бізнэс-цэнтар вышынёй 18 мэтраў. На самой будаўнічай пляцоўцы і вакол яе высеклі дрэвы. Мясцовыя жыхары судзіліся з забудоўнікам СААТ «Вецер», але прайгралі суд. Яны працягваюць пісаць скаргі, таму што лічаць будоўлю незаконнай.

Свабода разабралася, якія парушэньні выявіла пракуратура, і ці сапраўды будоўлю прыпыняюць.​

Што знайшла пракуратура?

Так выглядае будоўля на месцы былога садку сёньня

У панядзелак 14 студзеня Галіна Сінілевіч, жыхарка дома побач з будоўляй, атрымала ліст зь менскай гарадзкой пракуратуры. Там ідзе гаворка пра тое, што падчас ўзгадненьня праекту бізнэс-цэнтру зь дзяржаўнымі органамі кампанія «Вецер» падала на дзяржаўную экспэртызу нядзейсныя дакумэнты. «Вецер» спаслаўся на дакумэнты 2006 году, дзе было ўказана, што будынак побач з будучай будоўляй па вуліцы Талбухіна, 3 — гатэль. А раз гэта адміністрацыйны, а не жылы будынак, на яго не распаўсюджваюцца санітарныя нормы. І адлегласьць ад стаянкі бізнэс-цэнтру да гатэлю ня мае значэньня.

Аднак пракуратура высьветліла, што насамрэч той будынак — інтэрнат. А гэта значыць, што для яго мусяць вытрымлівацца санітарныя нормы і адлегласьць да стаянкі мусіць быць ня менш за 24,5 мэтра. А па факце ад інтэрнату да стаянкі бізнэс-цэнтру — 12 мэтраў.

А таму гарадзкая пракуратура «паставіла пытаньне» перад Менгарвыканкамам, інспэкцыяй дэпартамэнту кантролю і нагляду за будоўляй, РУП «Галоўбудэкспэртыза», каб прыпыніць будоўлю да моманту, пакуль ня будуць ліквідаваныя парушэньні.

Пасьля праверкі пракуратуры стаянка і будынак мусяць быць зьменшаныя больш як у два разы

Зараз стаянка плянуецца амаль на ўсёй тэрыторыі былога садку, на плошчы 0,37 гектара

Што азначае ліст пракуратуры для ўсяго будаўніцтва? Галіна Сінілевіч расказала Свабодзе, што цяпер кампанія-забудоўнік мусіць перагледзець праект і паменшыць плошчу стаянкі больш як удвая. І вось чаму.

Цяпер падземная стаянка на 129 машын (ніжэй мы раскажам, што ня так з самой стаянкай) займае амаль усю плошчу былога садка — 0,37 гектара. Глядзіце на схеме ніжэй.

У 2017 годзе пачалі дзейнічаць новыя санітарныя нормы і цяпер адлегласьць ад жылых будынкаў да паркоўкі мае быць ня менш за 30 мэтраў. Параўноўваем з праектам, і атрымліваецца, што стаянка па новых санітарных правілах мусіць быць роўна пад будынкам бізнэс-цэнтру. Ягоная плошча — 0,15 гектара. Гэта значыць, плошчу стаянкі трэба зьменшыць з 0,37 да 0,15 гектара.

З гэтага вынікае наступнае. Калі забудоўнік паменшыць колькасьць парковачных месцаў, як гэтага патрабуюць санітарныя нормы, ім давядзецца зьменшыць і бізнэс-цэнтар больш як удвая. Справа ў тым, што па будаўнічых стандартах кожны адміністрацыйны будынак мусіць быць забясьпечаны парковачнымі месцамі. Іх колькасьць вылічваецца з колькасьці працоўных месцаў. І раз месцаў на стаянцы будзе ў два разы меней, то і працоўных месцаў у бізнэс-цэнтры, адпаведна, мае быць у два разы меней.

Пад бізнэс-цэнтрам запраектаваная стаянка паводле неіснуючых стандартаў

У адных дакумэнтах стаянку называюць падземнай, а ў іншых - надземнай

Але гэта яшчэ ня ўсё. Стаянка пад бізнэс-цэнтрам — самае спрэчнае пытаньне ўсёй будоўлі. Фактычна яна падземная, бо знаходзіцца на глыбіні 3,3 мэтра. Гэта вядома з дакумэнтацыі на праект. Як «падземную гараж-стаянку адкрытага тыпу» яе прадстаўлялі на грамадзкіх слуханьнях. Такая самая фармулёўка выкарыстоўваецца ў апісаньні праекту на сайце Першамайскай адміністрацыі і ў адказах Менгарвыканкаму.

Але для некаторых інстанцый «Вецер» піша, што стаянка пад бізнэс-цэнтрам — надземная. Пра гэта жыхары даведаліся з адказу Менскага гарадзкога ўпраўленьня па надзвычайных сытуацыях і «Галоўбудэкспэртызы». Калі на просьбу жыхароў МНС запатрабавала ў кампаніі дакумэнты на стаянку, каб праверыць яе на пажарную бясьпеку, «Вецер» падаў дакумэнты, дзе стаянка называецца «надземнай адкрытага тыпу». А для такіх стаянак сыстэма выдаленьня дыму і вэнтыляцыі не прадугледжваецца.

Дык якая гэта ўсё ж стаянка? Калі надземная адкрытага тыпу, як «Вецер» піша пра яе ў МНС, то як яна можа быць на глыбіні 3,3 мэтра? А калі падземная адкрытага тыпу, як яна прадстаўляецца ўладам і грамадзкасьці, то гэта ўвогуле выдумка. Такога тыпу стаянак няма ў беларускім заканадаўстве.

Замест бізнэс-цэнтру мясцовыя жыхары прапануюць зрабіць тут дзіцячую спартовую школу

Так выглядае будоўля сёньня. Рабочыя пачынаюць узводзіць трэці з чатырох паверх

Калі браць да ўвагі новыя акалічнасьці, праект будынку павінен быць перагледжаны. Новы праект мусіць ізноў прайсьці праз грамадзкія слуханьні. І па законе такі адміністрацыйны будынак, як будуецца цяпер, ня зможа зьявіцца на гэтым месцы.

Тлумачым, чаму. У 2017 годзе раён, дзе будуецца бізнэс-цэнтар, уключылі ў ахоўную зону будынкаў № 91 і 93 на праспэкце Незалежнасьці (пастанова Міністэрства культуры № 59). Цяпер паводле закону тут увогуле забараняецца будоўля любых стаянак.

У той жа час закон забараняе ўзводзіць адміністрацыйныя будынкі без парковачных месцаў. А значыць, бізнэс-цэнтар на 300 чалавек, які будуецца сёньня, тут ня можа зьявіцца.

Але будоўля ўжо пачалася. Сёньня на месцы былога садка ўзьведзеныя два з чатырох паверхаў.

«Гэтую справу трэба закрываць і забіраць у кампаніі ўчастак, бо дазвол на будаўніцтва атрыманы па нядзейсных дакумэнтах», — кажа жыхарка дома побач з будоўляй Галіна Сіліневіч.

Мясцовыя жыхары і раней прапаноўвалі, каб замест бізнэс-цэнтру тут зьявілася дзіцячая ўстанова.

«Тут можна зрабіць бібліятэку, архіў, карцінную галерэю. Урэшце, дзіцячую спартовую школу, — кажа Галіна Сіліневіч. — Але будынак трэба перапрафіляваць, каб ён меў невялікі абслуговы пэрсанал».

«Тут ад пачатку было парушэньне закону»

Ці сапраўды будоўлю спыняць? Па стане на 16 студзеня тут працягваюцца работы. Напрыклад, 8 жніўня 2018 году адміністрацыя Першамайскага раёну дасылала ліст, дзе «рэкамэндавала» гарадзкім уладам спыніць будаўніцтва за выяўленыя парушэньні. Але тады «рэкамэндацыі» не паўплывалі на забудоўніка.

«Ад самага пачатку тут было парушэньне закону, — кажа Галіна Сінілевіч. — Грубае парушэньне пастановы Мінкульту, нявытрыманыя санітарныя нормы».

Мясцовыя жыхары лічаць, што гэтым разам краны мусяць спыніцца. 5 сьнежня яны былі на прыёме ў Анатоля Сівака — новага старшыні Менгарваканкаму.

«У нас засталося адчуваньне, што нас пачулі, — сказала Галіна Сіліневіч. — І што зробяць адэкватныя захады. І спадзяёмся, што ўсе будзе зроблена паводле закону. Гэты праект павінен быць адменены і перагледжаны».

Тут горача. Як беларусы пратэстуюць супраць забудоваў