Дызайнэр Саша Чабатароў намаляваў жартаўлівы лягатып #БНР101. Чаму яйка?

Прапанова лягатыпа #БНР101 («Сьвята Незалежнасьці») дызайнэра Сашы Чабатарова

Беларускі дызайнэр Аляксандар Чабатароў апублікаваў у сацсетках жартаўлівы лягатып Дня Волі, які цяпер плянуецца адзначыць сьвяточным канцэртам 24 сакавіка на менскім стадыёне «Дынама» ў гонар 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатары канцэрту на Дзень Волі — 2019 раней зьвярталіся да грамадзкасьці з прапановай паўдзельнічаць у распрацоўцы «фірмовага стылю» для свайго сьвята — і, калі захочуць іншыя арганізатары, то і для ўсіх астатніх імпрэзаў #БНР101.

Чабатароў летась прапанаваў лягатып для #БНР100 — ягоны мінімалістычны «адбітак пальца» шмат абмяркоўвалі, але ўрэшце ў якасьці лягатыпу выбралі стылізаваную «Пагоню». Цяперашні варыянт — бел-чырвона-белае яйка – адпавядае просьбам арганізатараў аб нацыянальнай сымболіцы ў лога. Адзін з арганізатараў Павал Белавус сказаў Свабодзе, што яго таксама абмяркуюць, хоць «ідэяў шмат сабралася».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. Дызайнэр прапанаваў лягатып 100-годзьдзя БНР

Выбар яйка ў якасьці сымбаля, як сказаў Свабодзе Саша Чабатароў, зьвязаны зь нядаўнім флэшмобам у Instagram. Там фота яйка зрабілі самым «залайканым» у гісторыі сацсеткі, паставілі 45 мільёнаў лайкаў проста дзеля таго, каб пабіць ранейшы рэкорд. Чабатароў адзначае: тое яйка ўразіла яго тым, як «аб’яднала людзей».

«Але таксама яйка сымбалізуе пачатак нараджэньня жыцьця і выдатна гармануе з Днём Волі», — дадаў дызайнэр. Выява — толькі жарт, «вясёлы мэмчык», падкрэсьлівае ён.

Арганізатары #БНР101 пазьней у той жа дзень вырашылі паўтарыць Instagram-флэшмоб зь яйкам: заклікалі зрабіць малюнак Чабатарова самым «залайканым» у Беларусі, «а то і ў сьвеце».

***

Зрабіць стыль і лягатып трэба да канца студзеня. Аўтарам не гарантуюць узнагароды, але дапускаюць, што можа быць кампэнсацыя выдаткаў з грашовага фонду, які напаўняецца праз краўдфандынг — у фінансаваньні сьвята прапануюць паўдзельнічаць усім ахвочым на Talaka.by і празь іншыя шляхі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На #БНР101 пачалі зьбіраць грошы, запісалі рок-гімн. ВІДЭА

Галоўныя сымбалі — нацыянальныя герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг (рок-гімн ужо запісалі). Фірмовы стыль і лягатып павінны падкрэсьліваць тое, што Дзень Волі — «адзін з галоўных дзён у новай гісторыі Беларусі, зьвязаны з пачаткам фармаваньня сучаснай беларускай дзяржаўнасьці». Мае ўжывацца беларуская мова, ключавыя словы — традыцыі, спадчына, пэрспэктывы, разьвіцьцё, імкненьне наперад.

Прапановы і чарнавікі просяць прысылаць да 20 студзеня на адрас dzienvoli2019@gmail.com або абмяркоўваць з адным з арганізатараў сьвята, заснавальнікам «Арт-сядзібы» і крамы Symbal.by Паўлам Белавусам.

Для «Сьвята Незалежнасьці» ў 2018 годзе быў распрацаваны свой лягатып.

Эмблема сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР