Беларусь апынулася на 121-м месцы сярод 146 краінаў сьвету ў індэксе дабрачыннасьці, які склала міжнародная дабрачынная арганізацыя Charities Aid Foundation па выніках 2017 году.
На першым месцы ў рэйтынгу знаходзіцца Інданэзія. У дзясятку лідэраў уваходзяць таксама Аўстралія, Новая Зэляндыя, ЗША, Ірляндыя, Вялікая Брытанія, Сынгапур, Кенія, М’янма і Бахрэйн.
Найменш займаюцца дабрачыннасьцю ў Емэне (апошняе 144 месца), а таксама ў Грэцыі, Кітаі, Палестыне, Камбоджы, Азэрбайджане, у суседніх зь Беларусьсю Літве (138 месца) і Латвіі (137), а таксама ў Аўганістане і Тунісе.
У іншых суседзяў Беларусі паказьнікі ў рэйтынгу наступныя: Украіна — 81 месца, Расея — 110 месца, Польшча — 112 месца.
Пры складаньні рэйтынгу ўлічваліся наступныя паказьнікі:
- ці ахвяравалі людзі грошы на дабрачыннасьць,
- ці былі валянтэрамі,
- ці дапамагалі незнаёмым людзям.
Сярод апытаных падчас дасьледаваньня беларусаў 19% адказалі, што займаюцца валянтэрствам, 21% — што ахвяравалі грошы на працягу апошняга месяца, 31% — што дапамагаюць незнаёмцам.
Цікава, што ў Беларусі жанчыны часьцей дапамагаюць незнаёмым людзям, чым мужчыны. Розьніца ацэньваецца ў 10%.
У апытаньні ўдзельнічала каля 1000 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 15 гадоў з розных мясьцінаў краіны.
Па выніках папярэдніх гадоў Беларусь займала наступныя месцы ў рэйтынгу:
- па выніках 2016 году — 117-е месца,
- 2015 — 100-е месца,
- 2014 — 103 месца,
- 2013 — 83 месца,
- 2012 — 93 месца,
- 2011 — 91 месца,
- 2010 — 87 месца.