Кіраўніка «РИА Новости Украина» Кірыла Вышынскага будуць судзіць у Кіеве, паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе пракуратуры Аўтаномнай Рэспублікі Крым.
У ведамстве дадалі, што дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці па справе Вышынскага завершанае. Яго адвакатам далі доступ да матэрыялаў справы.
Да гэтага судовыя паседжаньні па справе кіраўніка «РИА Новости Украина» праходзілі ў Хэрсоне.
Затрыманаму 15 траўня ў Кіеве Вышынскаму інкрымінуюць дзяржаўную здраду і правядзеньне падрыўной інфармацыйнай дзейнасьці супраць Украіны. Вышынскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі ў выпадку прызнаньня вінаватым. Ён усе абвінавачваньні абвяргае.
Па дадзеных СБУ, Вышынскі па заданьні Масквы рыхтаваў інфармацыйныя матэрыялы ў Крыме для апраўданьня анэксіі Расеяй украінскага паўвострава, пазьней у Кіеве — для падтрыманьня груповак «ДНР» і «ЛНР». Як заяўляюць у СБУ, штомесяц ён атрымліваў на гэтую дзейнасьць 53000 эўра, якія паступалі з Расеі праз Сэрбію.