Кітай штораз больш выразна становіцца сусьветным лідэрам у навуковых дасьледаваньнях і тэхналягічных інавацыях. Пра нядаўнія навукова-тэхналягічныя дасягненьні і прарывы кітайскіх дасьледчыкаў піша «The Economist» у выданьні з 12–18 студзеня 2019.
Пералічым некаторыя зь іх:
- 3 студзеня 2019 году ў кратэры Фон Кармана на Месяцы прызямліўся кітайскі касьмічны апарат Чан’э-4. Была гэта гістарычна першая мяккая пасадка касьмічнага апарата на адваротным баку Месяца;
- У 2016 годзе ў правінцыі Гуйчжоў Кітай увёў у эксплюатацыю найбольшы ў сьвеце сфэрычны радыётэлескоп з запоўненай апэртурай (500-мэтровай). Ён у два разы большы за другі па вялікасьці радыётэлескоп з запоўненай апэртурай, які знаходзіцца у Порта Рыка. Кітайскі радыётэлескоп дазваляе навукоўцам дасьледаваць фармаваньне і эвалюцыю галяктык ды цёмную матэрыю. Пакуль што аднак, Кітай ня мае дастатковай колькасьці дастаткова падрыхтаваных астраномаў, якія маглі б выкарыстаць усе магчымасьці гэтага радыётэлескопу;
- У 2018 годзе кітайскі біёляг Хэ Цзянькуй заявіў, што стварыў першых у сьвеце людзей з штучна зьмененымі генамі, увёўшы генэтычныя мадыфікацыі ў плады двух дзяўчынак-блізьнят, якія, як мяркуецца, будуць неўспрымальныя да віруса імунадэфіцыту чалавека. Экспэрымэнт Хэ Цзянькуй, з увагі на этычныя сумневы, выклікаў пратэсты шматлікіх кітайскіх і сусьветных генэтыкаў;
- Кітай будуе найбольшую ў сьвеце батарэю для перахоўваньня электраэнэргіі. Дзеля гэтага кітайскія тэхнолягі выкарыстоўваць гэтак званыя ванадыевыя батарэі зь дзьвюма электралітамі, якія, як мяркуецца, дазволяць сілкаваць вялікія энэргасеткі;
- Кітай таксама працягвае дасьледаваць і разьвіваць такія сфэры навукі і тэхналёгіі, якія астатні сьвет або закінуў, або пакуль што замарозіў. Адна з такіх сфэраў — ядзерная энэргетыка. Кітай цяпер будуе 13 новых ядзерных рэактараў, у дадатак да 43 дзейных на сёньняшні дзень; 43 далейшыя рэактары заплянаваныя для пабудовы ў будучыні;
- У сваіх плянах вывесьці кітайскую навуку на першае месца ў сьвеце Кітай мае таксама пабудову найбольшага ў сьвеце паскаральніка элемэнтарных часьцінак. Цяпер найбольшым дасьледчым аб’ектам такога тыпу зьяўляецца Вялікі адронны калайдэр каля Жэнэвы, даўжыня тунэлю якога — 26 кілямэтраў. Кітай мае намер пабудаваць свой паскаральнік з тунэлем даўжынёй 100 кілямэтраў, які дазволіць паскараць элемэнтарныя часьцінкі да недасягальных да гэтага часу хуткасьцяў;
- У 2016 годзе колькасьць навуковых публікацый у Кітаі перавысіла колькасьць такіх публікацый у ЗША. Мяркуецца, што якасьць большасьці з кітайскіх навуковых артыкулаў даволі сумнеўная, тым ня менш, паводле незалежнай ацэнкі эўрапейскага выдавецтва Elsevier і японскай мэдыякарпарацыі «Нікэй», кітайскія навукоўцы публікуюць значна больш уплывовыя артыкулы за амэрыканскіх у 26 з 30 дзялянак самых актуальных навуковых дасьледаваньняў з наўпроставым выкарыстаньнем у тэхналёгіі.