Пратэст коштам уласнага жыцьця: 50 гадоў таму спаліў сябе Ян Палах

Кветкі на месцы самаспаленьня ў Празе

50 гадоў таму чэскі студэнт Ян Палах коштам уласнага жыцьця на доўгія гады прыцягнуў увагу да гвалтоўнага заціску «праскай вясны». 16 студзеня 1969 ён спаліў сябе на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 году.

16 студзеня 1969 году студэнт філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Ян Палах выйшаў на Вацлаўскую плошчу ў цэнтры сталіцы тагачаснай Чэхаславаччыны, падышоў да паштовай скрыні і кінуў туды некалькі лістоў, потым падняўся вышэй, да Нацыянальнага музэю, абліў сябе бэнзінам і падпаліў.

Кадр з мастацкага фільма чэскага рэжысэра Робэрта Седлачка «Як Палах». Фільм зьняты паводле рэальных падзеяў

Усё адбылося вокамгненна, жывая постаць ператварылася ў жывую паходню, Ян Палах яшчэ здолеў прабегчы некалькі мэтраў і затым упаў. Празь некалькі дзён, 19 студзеня, ад апёкаў Ян Палах памёр.

У адным з дасланых лістоў Ян напісаў, што пасьля акупацыі краіны войскамі Варшаўскай дамовы ягоны народ «апынуўся на акраі безнадзейнасьці», таму ён вырашыў такім спосабам абудзіць суайчыньнікаў.

Сымбаль няскоранасьці. Чэскі студэнт Ян Палах: 50 гадоў пасьля самаспаленьня

Яшчэ ў адной пакінутай цыдулцы ён выказаў патрабаваньні: адмяніць цэнзуру і распаўсюджваньне хлусьні, а таксама, ведаючы мэтады камуністычнай Службы дзяржаўнай бясьпекі, адзначыў, што дзейнічаў сьвядома і прадумана.

Паводле ўспамінаў мэдсястры Ліяны Ганусавай, якая даглядала Палаха ў апёкавым аддзяленьні шпіталя, студэнт заставаўся да самай сьмерці ў прытомнасьці і цікавіўся рэакцыяй грамадзкасьці.

«Рэакцыя была велізарная ня толькі ў Чэхаславаччыне, але і за мяжой. Аб Палаху казаў, напрыклад, Папа Рымскі і шэраг іншых сусьветных палітыкаў», — пацьвярджае гісторык з чэскага Інстытуту вывучэньня злачынстваў таталітарызму Пётр Блажак.

Пахаваньне Яна Палаха выліліся ў маштабную пратэстную дэманстрацыю ў падтрымку свабоды і дэмакратыі, на якую не пабаяліся прыйсьці тысячы людзей, яго імя стала сымбалем супрацьстаяньня падуладнаму Маскве камуністычнаму рэжыму.

Your browser doesn’t support HTML5

Пратэсты праз самаспаленьне: Ян Палах і наступнікі

Служба дзяржбясьпекі адразу пасьля сьмерці Палаха пачала распаўсюджваць улёткі, у якіх спрабавала дыскрэдытаваць яго, распавёў Радыё Свабода Пётр Блажак.

«Яны пачалі распаўсюджваць дэзінфармацыю паштоўкамі, іх раскідвалі нібыта невядомыя асобы, але былі гэта работнікі Службы бясьпекі, якія супрацоўнічалі з савецкімі органамі, — распавядае гісторык. — Сёньня мы ўжо ведаем, што савецкае кіраўніцтва выказвала сваю вялікую незадаволенасьць працай Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Некалькі дзён пасьля самаспаленьня Яна Палаха яны патрабавалі пакласьці канец вулічным беспарадкам. Але рэальна чэхаславацкая Служба бясьпекі пачала расьсьледаваць справу Яна Палаха ажно ў першую гадавіну самаспаленьня, калі людзі стыхійна пачалі ўспамінаць студэнта, прыходзіць на яго магілу».

Вуліца ў гарадку Вшэтаты, на якой жыў Ян Палах

Служба дзяржаўнай бясьпекі камуністычнай Чэхаславаччыны завяла адмысловую справу пад назвай «Магіла», дамагаючыся перавозкі праху Яна Палаха з Прагі ў яго родны гарадок Вшэтаты непадалёк Прагі. Увосені 1973-га рэжым свайго дамогся.

Усе зьмяніў 1989 год. У студзені, у дзень 20-годзьдзя самаспаленьня Яна Палаха, на мітынгу яго памяці ў Празе выступіў Вацлаў Гавэл — і быў зноў арыштаваны камуністычнымі ўладамі. Прычына — кветкі, якія Гавэл спрабаваў пакласьці на месца самаспаленьня Палаха. Але традыцыя, распачатая адным вялікім чэхам у памяць пра іншага, жыве і цяпер.

Прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавэл адкрывае ў 1999 годзе бюст Яна Палаха

Штогод у студзені ў Чэхіі праводзіцца Тыдзень памяці Яна Палаха, штогод на месца самаспаленьня праскага студэнта нясуць кветкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаспаленьне як форма пратэсту