Нацыянальны парк «Прыпяцкі» хоча далучыць да сваёй тэрыторыі возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці. Палешукі — і мясцовыя ўлады, і мясцовыя жыхары — катэгарычна супраць. Яны накіравалі тысячу подпісаў кіраўніку дзяржавы.
«Возера мае сваіх, мясцовых, арандатараў. Прыйдзе сюды Нацыянальны парк — абнясуць усё калючым дротам, шлягбаўмы паставяць. Мы сюды і блізка не падыдзем. Для чаго ствараць такое напружаньне ў народзе? Яны чакаюць, што мы зь віламі выйдзем?» — абурыліся на стыхійным сходзе вяскоўцы.
Возера Чырвонае. Толькі факты
- Трэцяе па плошчы возера Беларусі пасьля Нарачы і Асьвейскага. Плошча — 12,1×5,2 км, максымальная глыбіня — 4 м.
- 2/3 возера — у арэндзе мясцовага лясгасу і прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс» да 2025 году. Яшчэ траціну арандуе нацыянальны парк.
- Апроч рыбы, «Жыткавічыхімсэрвіс» здабывае тут сапрапэль.
- Разавая пуцёўка на пушных зьвяроў каштуе ў лясгасе 6 рублёў (у нацпарку «Прыпяцкі» — 20 рублёў), сэзонная ў лясгасе — 60 (у нацпарку 150).
«Нацпарк можа ганарыцца ўзроўнем супрацьстаяньня зь мясцовым насельніцтвам»
14 студзеня ля возера Чырвонага, нягледзячы на мароз і завіруху, сабраліся каля 60 чалавек. У адным шэрагу зь вяскоўцамі — дэпутаты раённага і сельскіх саветаў. Ва ўсіх адно пытаньне — што будзе зь іх возерам Чырвоным?
У лісьце да Аляксандра Лукашэнкі вяскоўцы напісалі, што за час гаспадарчай дзейнасьці ў Жыткавіцкім раёне нацыянальны парк можа ганарыцца адзіным — «узроўнем супрацьстаяньня зь мясцовым насельніцтвам, які ўвесь час расьце». Людзі скардзяцца, што практычна пазбаўленыя права паляваць, лавіць рыбу, зьбіраць ягады і грыбы.
Цяпер возера Чырвонае знаходзіцца ў арэндзе мясцовага лясгасу і прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс». Гэта 2/3 возера. Адна траціна возера — у арэндзе нацыянальнага парку. Але «Прыпяцкі» хоча ўзяць пад кантроль усё возера. Хоць дамовы арэнды ў лясгасу і «Жыткавічыхімсэрвісу» — да 2025 году.
«Жыткавічыхімсэрвіс» здабывае ў возеры Чырвоным штогод каля 100 тон рыбы; апроч гэтага, каля 30 тон вылоўліваюць з возера аматары рыбалоўства. Яшчэ ідзе здабыча сапрапэлі (2500 тон за год). Прадпрыемства пачысьціла возера, стварыла ўмовы для рыбакоў. Працу маюць сорак чалавек.
«І тут на ўсё гатовенькае прыйшоў гаспадар! Дырэктар нацыянальнага парку Сьцяпан Бамбіза! Нас ужо ўсіх калоціць ад яго прозьвішча. Ні ў лес не схадзіць, ні рыбы палавіць. Агарадзілі ўсе калючым дротам, шлягбаўмы паставілі! Цяпер наша возера забіраюць», — хвалююцца людзі.
«Сфармавалася сацыяльная напружанасьць»
Першым на стыхійным сходзе даверылі выступіць дэпутату раённага Савету Аляксею Друку. Ён расказаў, што нацыянальны парк зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай зьмяніць межы тэрыторый паляўнічых угодзьдзяў — забраць сабе возера Чырвонае і тры кілямэтры прыбярэжнай зоны. Пры гэтым цяперашнія арандатары — лясгас і «Жыткавічыхімсэрвіс» — ня маюць ніякіх афіцыйных папер з гэтай нагоды.
«Людзі пачалі хвалявацца. Сфармавалася сацыяльная напружанасьць. На мінулым тыдні быў сход у вёсцы Дуброва, дзе прысутнічалі прадстаўнікі нацыянальнага парку — юрыст і намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі. Вяскоўцы не пачулі адказаў ад нацпарку. Нашых людзей задавальняюць умовы цяперашніх, мясцовых арандатараў, якія прызначылі мінімальную плату за рыбалку і паляваньне. Людзі катэгарычна не згаджаюцца, каб нацыянальны парк забраў усё возера», — патлумачыў журналістам дэпутат райсавету.
Паводле яго, калі адзін арандатар хоча ўзяць тэрыторыю ў другога, то яны павінны вырашаць пытаньні паміж сабой.
«Але ніякіх зваротаў з боку нацыянальнага парку да „Жыткавічыхімсэрвісу“ ці лясгасу не было. „Прыпяцкі“ адразу зьвярнуўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта. І ўжо ёсьць праект распараджэньня прэзыдэнта пра зьмяненьне тэрыторыі. Але гэтыя паперы ходзяць недзе ў кулюарах», — расказаў Аляксей Друк.
Ён лічыць, што пры «новым гаспадары» людзі проста ня будуць дапушчаныя да возера. У гэтым упэўнены жыхары Жыткавічаў, Пухавічаў, Дубровы і Чырвонага.
«Наша возера чакае высокі плот і калючы дрот»
«Глядзіце! Возера Млынок за Чарацянкай у нас нацпарк даўно забраў — нам туды ходу няма. За вёскамі Келі і Палянкай раптам загарадзілі лес — паставілі высокі плот, начапілі калючы дрот, напісалі, што праход, праезд забаронены! Раней мы там ягады, грыбы зьбіралі», — дзеліцца жыхар Жыткавічаў Сяргей. Ён упэўнены — так будзе і з Чырвоным, калі яго аддадуць нацыянальнаму парку: «высокі плот, калючы дрот».
Жыхар вёскі Дуброва Міхаіл Купрацэвіч катаў раней па возеры сваіх дачок на чоўне.
«Тут я налічыў 60 белых лебедзяў! Мае дочкі іх з рук кармілі! Але тое раней было. Як прыйшоў сюды нацыянальны парк, пачалі тут падчас нерасту на маторках гойсаць, птушку выбіваць, страляць над возерам — ужо і лебедзяў няма! Балюча на ўсё гэта глядзець. Забралі азёры нашы, лес забралі! Шлягбаўмы паставілі ўсюды! Караеда разьвялі. Такія яны ўжо гаспадары — самыя натуральныя шкоднікі — і прыродзе, і народу!», — выказаўся вясковец.
Дэпутат Марахораўскага сельскага савету Сьвятлана Купрацэвіч любіць бавіць час на возеры разам з мужам — вудзяць рыбу.
«Гэта возера наша, нашых дзядоў, прадзедаў, спакон вякоў яно належыць народу. Мы тут і адпачываем, і рыбу ловім — сям’ю пракарміць, бо якія тут у нас заробкі? Што мы ім, перашкаджаем? Хай усё ўжо ў нас, апошняе забяруць. Чырвонае — гэта наша жылачка, гэта жыцьцё наша, душа. Нам няма больш куды падацца. За Чарацянкай загарадзілі, за Палянкай — калючы дрот. У лес не пускаюць», — гаруе жанчына.
Юрый Альвінскі лічыць, што нацыянальны парк угледзеў тут «тлусты кавалак», дзе яшчэ 3-4 гады можна нечым пажывіцца.
«Народ стаміўся цярпець, і супрацьстаяньне будзе нарастаць. Больш за дваццаць гадоў людзі трывалі свавольства нацпарку, але цярпеньне не бясконцае. Мы просім, каб нас пачуў кіраўнік дзяржавы», — кажа Юрый.
Ён зьвяртае ўвагу, што ў праекце ўказу напісана «падрыхтаваць у сьціслыя тэрміны». «А чаму? Каб народ не пасьпеў падняцца», — лічыць вясковец.
Юры кажа, што ўсе выгоды ствараюцца тут толькі для чыноўнікаў — ім тут можна і паляваць, і рыбу вудзіць.
«Ідзіце адсюль усе, Сяргей Румас будзе паляваць»
Жыхар вёскі Дуброва Уладзімір Пышняк кажа, што летась пайшоў на Чырвонае з вудай пасядзець. «Прыбеглі егеры, кажуць — ідзіце ўсе адсюль, Сяргей Румас (цяперашні прэм’ер міністар Беларусі. — РС) тут будзе паляваць. Чаму такое стаўленьне да нас? Бамбіза тут цар. Яны сеюць варожасьць, каб было, як ва Ўкраіне», — кажа Ўладзімер.
І ён, і яго аднавяскоўцы выносяць вэрдыкт: пакінуць возера ў арэндзе «Жыткавічыхімсэрвіс», а «Бамбізу няма тут чаго рабіць».
«Немцаў сюды прывязуць — яны будуць страляць. А мы будзем моўчкі стаяць і пазіраць. І агароджу паставяць, як у заапарку», — кажа Уладзімір.
Сяргей Макарэвіч з Пухавічаў кажа, што восеньню паехаў у грыбы, але яго машыну спынілі. «Бамбіза на мяне наляцеў. Кажа: машыну давай для агляду, маўляў, я Бамбіза! Вельмі прыемна, кажу, а я Макарэвіч», — злуецца вясковец.
Пэнсіянэр Сьцяпан зьвярае ўвагу: скаргу напісалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, адтуль яе перакінулі ва ўпраўленьне справамі прэзыдэнта, адтуль — у нацыянальны парк «Прыпяцкі». «Мы на іх жа і скардзіліся! А яны прыехалі з намі разьбірацца. Як гэта так?» — зьдзіўляецца пэнсіянэр.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Толькі факты
- 1969. Заснаваны запаведнік.
- 1994. Запаведнік плошчай больш за 65 тысяч га перададзены ў кіраваньне Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.
- 1996. Рэарганізаваны ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі» з галоўным офісам у вёсцы Ляскавічы. Непадалёк — адна з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі.
- Нацыянальны парк займаецца лясной дрэваапрацоўкай, турыстычнай дзейнасьцю, прапаноўвае паслугі ў паляваньні і рыбалцы.
- Плошча нацпарку — 236,6 тысячы гектараў.
- Эколягі неаднаразова казалі на парушэньні закону з боку нацпарку. У 2010 годзе італьянскія паляўнічыя і егер палявалі на качак у пэрыяд забароны.
- Паводле ініцыятывы «Захаваем прыпяцкія дубровы», гаспадарчая дзейнасьць нацыянальнага парку пагражае зьнішчэньнем унікальных прыродных ляндшафтаў.
«Пакіньце людзей у супакоі, не распальвайце!»
Дэпутат Чырвоненскага сельскага савету Рыгор Катлярчук не разумее, чаму запаведніку, які створаны для аховы прыроды і фінансуецца зь бюджэту, ставіцца камэрцыйная функцыя.
«Прыпяць яны нашу вычысьцілі нератамі, а цяпер тут заўважылі добры, тлусты кавалак. Для чаго людзей напружваць і распальваць варожасьць? Лясгас і „Жыткавічыхімсэрвіс“ выйгралі тэндэр, яны правялі працу, пачысьцілі возера, аформілі бераг, стаянкі зрабілі, а тут гаспадар раптам знайшоўся — на ўсё гатовае! Нацпарк кажа цяпер, што хоча тут грошы зарабляць? А „Жыткавічыхімсэрвіс“ хіба ня хоча грошы зарабляць?», — дзівіцца дэпутат.
Лясгас: «Цэны вызначылі з улікам фінансавага становішча мясцовага насельніцтва»
Начальнік аддзелу паляўнічага турызму і рыбалоўства Жыткавіцкага лясгасу Аляксандр Альвінскі заявіў, што лясгас зьяўляецца арандатарам паляўнічых угодзьдзяў і часткі возера Чырвонае з 2004 году. Дамова на арэнду ў 2015 годзе падпісана на дзесяць гадоў, да 2025 году.
«Наша пазыцыя такая — каб возера Чырвонае засталося ў нас у арэндзе. Мы арганізоўваем паляваньне для мясцовых жыхароў і ня толькі, для замежных грамадзян таксама. Калі мы праводзім паляваньне на птушку для іншаземцаў, то мы знаходзім паразуменьне зь мясцовымі паляўнічымі. Цэны на паляваньне мы вызначылі з улікам фінансавага становішча мясцовага насельніцтва», — выказаўся начальнік аддзелу.
Нацпарк: «Усё выключна ў інтарэсах захаваньня прыроды для людзей»
Намесьніца гендырэктара нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Вольга Прыходзька паведаміла карэспандэнту Свабоды, што рашэньне яшчэ не прынятае.
Наконт рэакцыі на пратэсты грамадзян яна сказала, што прадстаўнікі парку выяжджалі на месца.
«Мы выехалі на месца, але там не было прадстаўніка Кіраўніцтва справамі. Пытаньне разглядаецца. Але сказаць, што возера будзе перададзенае нам, яшчэ рана. Праект на разглядзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта».
Ці сапраўды мясцовыя жыхары ня змогуць адпачываць, рыбачыць і паляваць на возеры Чырвонае?
«Я цяпер не гатова адказаць на гэта пытаньне. Усё будзе ўказана, расьпісана, як і што», — сказала Прыходзька.
15 студзеня Гомельскі аблвыканкам прадставіў БелаПАН камэнтар з нагоды сытуацыі вакол возера Чырвонага ад імя генэральнага дырэктара нацпарку «Прыпяцкі» Сьцяпана Бамбізы.
Паводле Бамбізы, галоўная задача нацыянальнага парку — «захаваць унікальны прыродны куток і даць магчымасьць людзям — як мясцовым жыхарам, так і турыстам — атрымаць поўны комплекс так званага сельскага адпачынку».
«У нас ёсьць для гэтага ня толькі маляўнічая прырода, але і выдатная матэрыяльная база. Таму сёньня ўсё, што робіцца для пашырэньня ўгодзьдзяў — выключна ў інтарэсах захаваньня прыроды для людзей. Ні пра якія агароджы гаворкі і быць ня можа. Як аматарская, так і прамысловая лоўля рыбы будзе ажыцьцяўляцца без ўмяшаньня нацыянальнага парку. Акрамя таго, на новых угодзьдзях мы плянуем зьнізіць кошт паляўнічых пуцёвак для мясцовага насельніцтва», — пракамэнтаваў Сьцяпан Бамбіза.
Праект распараджэньня Лукашэнкі: для «нарошчваньня абʼёму паляўнічых паслуг»
Свабода атрымала праект распараджэньня кіраўніка дзяржавы.
«Дзеля выкананьня даручэньня прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2018 году №П1610 мяркуецца ўнесьці зьмены ў разьдзел «Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк „Прыпяцкі“» у частцы павелічэньня плошчы паляўнічых угодзьдзяў, якія перададзеныя гэтай установе, з 236,6 тысячы гектараў да 244,6 тысячы гектараў і перадаць для арганізацыі паляваньня і платнага аматарскага рыбалоўства тэрыторыі вакол возера Чырвонае, уключаючы прылеглыя сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі на адлегласьці трох кілямэтраў ад берагу вадаёму, таксама ААТ «Рыбгас Чырвоная Зорка» Жыткавіцкага раёну і тэрыторыю ААТ «Рыбгас „Трэмля“ Петрыкаўскага раёну, землі якога знаходзяцца ў фондзе запасу і не выкарыстоўваюцца для вядзеньня паляўнічай гаспадаркі».
Акрамя таго, «у мэтах стварэньня дадатковых магчымасьцяў для нарошчваньня абʼёму паляўнічых паслуг, у тым ліку іх экспарту, у склад паляўнічых угодзьдзяў гэтага парку мяркуецца ўключыць участак, які знаходзіцца на зямельным участку каля Турава».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.