Эколягі: Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

Архіўнае фота

14 студзеня ў Астраўцы абмяркоўвалі дэталі захоўваньня ядзерных адходаў. Свабода наведала адкрытыя слуханьні і даведалася, што адходы 10 гадоў будуць знаходзіцца ў Беларусі, бо Расея не гатовая іх прыняць. А эколягі лічаць, што на пабудову сховішчаў для іх трэба яшчэ 2–3 мільярды эўра.

Адходы будуць захоўваць у «прыпаверхневых збудаваньнях»

Беларуская АЭС павінна пачаць працу летам 2019 года. Але пакуль невядома, што будуць рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП). У Міністэрстве энэргетыкі ня згодныя, што пытаньне пра адходы пачалі абмяркоўваць запозна.

«У нас нават не завезенае сьвежае паліва, — сказала Лілія Дулінец, намесьніца дырэктара Дэпартамэнту па ядзернай энэргетыцы Мінэнэрга. — Паверце, мы нават апярэджваем падзеі. Мы сёньня абмяркоўваем стратэгію, гэта ўсясьветная практыка».

Лілія Дулінец

У сьвеце ёсьць розныя варыянты абыходжаньня з такімі рэчывамі: іх захоўваюць у адмысловых кантэйнэрах, выкарыстоўваюць мэтад пахаваньня ці перапрацоўваюць. Многія краіны пакуль ня вызначыліся, што рабіць з адходамі. Гэта робіцца з разьлікам на тое, што ў найбліжэйшай будучыні вынайдуць больш бясьпечныя спосабы абыходжаньня з адходамі, чым цяпер.

У Нацыянальнай акадэміі навук і Аб’яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» вырашылі, што спачатку адпрацаванае паліва будуць каля 10 год захоўваць на назапашвальнай пляцоўцы ў Беларусі, потым павязуць на перапрацоўку ў Расею. Там зь яго выдзеляць «карысныя прадукты» і вернуць для пахаваньня ў Беларусі. Гэты варыянт выбралі як прыярытэтны, сказаў Аляксандар Парфёнаў, намесьнік галоўнага інжынэра Беларускай АЭС.

Аляксандар Парфёнаў

Разглядаліся яшчэ два варыянты. Але ва ўсіх прадугледжваецца, што адходы, перапрацаваныя ці не, будуць пахаваныя ў Беларусі — у «прыпаверхневых збудаваньнях».

Кошт назапашвальнай пляцоўкі — камэрцыйная тайна. Эколягі: гэта можа быць 2–3 мільярды эўра

Каб захоўваць адпрацаванае паліва да вывазу ў Расею, у Беларусі мусяць пабудаваць назапашвальную пляцоўку. У першасным праекце атамнай станцыі такой пляцоўкі не было. Гэта значыць, што найбліжэйшым часам спатрэбяцца дадатковыя грошы на новы праект і будаўніцтва. Але колькі гэта будзе каштаваць, прадстаўнікі БелАЭС і Мінэнэрга ня кажуць.

«Гэта камэрцыйная тайна, — сказаў Анатоль Бондар, галоўны інжынэр БелАЭС. — Вядома, мы прыкладную лічбу ведаем. Я папрашу да грошай пакуль не прывязвацца».

Анатоль Бондар

Паводле Ірыны Сухій, якая ўваходзіць у грамадзкую раду грамадзкага аб’яднаньня «Экадом», утойваньне цэнаў — гэта парушэньне заканадаўства. Яна дадала, што стварэньне падобнай інфраструктуры для доўгачасовага абыходжаньня з адпрацаваным палівам у Швэцыі, Бэльгіі і Швайцарыі каштуе ад 6 да 9 мільярдаў эўра. Для Беларускай АЭС гэта можа абысьціся ў 2–3 мільярды эўра.

Ірына Сухій

«Нам яшчэ гэтыя пазыкі трэба аддаць, — сказала Сухій пра крэдыт, узяты на будоўлю Беларускай АЭС. — Размовы, што гэта будзе прыбытак ад АЭС, — гэта няпраўда. Атамная прамысловасьць ва ўсіх краінах датуецца дзяржавай. Яна эканамічна немэтазгодная без вайсковага складніка ці яшчэ чагосьці дадатковага. А Беларусь нейкім чынам зробіць гэта мэтазгодным?»

Першапачаткова расейскі крэдыт на будаўніцтва АЭС ацэньваўся ў 6,5 мільярда рублёў. Па апошняй інфармацыі, крэдыт на 2018 год складаў «да 10 мільярдаў даляраў». Пра гэта казаў Міхал Міхадзюк, намесьнік міністра энэргетыкі, паведамляла БелТА.

Таксама прадстаўнікі БелАЭС не адказалі на пытаньне, дзе ў Беларусі будуць захоўвацца адпрацаваныя адходы. Вядома толькі, што разглядаюцца тры пляцоўкі.

Выбралі самы дарагі і самы небясьпечны варыянт . Так робяць толькі дзяржавы, якія вырабляюць ядзерную зброю

Выбраны варыянт абыходжаньня з адходамі — самы дарагі і самы небясьпечны з пункту гледжаньня экалёгіі. Пра гэта сказала Настасься Дарафеева, старшыня беларускай партыі «Зялёныя». Па яе словах, мэтад перапрацоўкі паліва, які зьбіраецца выбраць Беларусь, выкарыстоўваюць рэдка. Звычайна так робяць краіны, якія займаюцца вытворчасьцю ядзернай зброі.

Настасься Дарафеева

«Для Беларусі, якая не зьбіраецца вырабляць ядзерную зброю, узьнікае пытаньне, чаму гэты сцэнар выбіраецца як найбольш прыярытэтны», — сказала Дарафеева.

Яна і іншыя выступоўцы падкрэсьліваюць, што ўсё яшчэ варта разгледзець варыянт, каб не запускаць атамную электрастанцыю. Па словах Ірыны Сухій, сёньня ёсьць праблемы зь перапрацоўкай адпрацаванага паліва расейскіх АЭС. З Ігналінскай АЭС ня вывезьлі адпрацаваныя адходы. Ва Ўкраіне ядзерныя адходы захоўваюць на адкрытай пляцоўцы ў кантэйнэрах.

Але так званая «нулявая альтэрнатыва» ў дакладзе называецца немагчымай.

«Пытаньне з адпрацаванымі ядзернымі адходамі — гэта калі трэба глядзець на пэрспэктыву ў тысячу гадоў. Вядома, нулявая альтэрнатыва выглядае самай прывабнай. Ня трэба тады гадаць, што рабіць з адходамі», — сказала Сухій.

Першыя адходы зьявяцца праз чатыры гады. Але расейскія заводы пакуль не гатовыя іх прымаць

Калі летам запрацуе першы блёк атамнай электрастанцыі, як гэта анансавалі ўлады, ядзерныя адходы ў Беларусі зьявяцца праз чатыры гады. Паводле пляну, цягам 10 гадоў яны будуць захоўвацца ў Беларусі, і толькі потым адправяцца на перапрацоўку ў Расею.

Намесьнік старшыні Астравецкага райвыканкаму Віктар Сьвіла і галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар

Але ў дакладзе, які абмяркоўваўся ў Астраўцы, напісана, што расейскія заводы пакуль не гатовыя прымаць беларускія адходы.

«З прычыны негатовасьці ў цяперашні час заводаў Расейскай Фэдэрацыі да перапрацоўкі АЯП ВВЭР-1200 у прамысловых маштабах, патрабуецца прадугледзець магчымасьць пашырэньня прапанаванай да стварэньня назапашвальнай пляцоўкі на тэрыторыі Беларускай АЭС», — сказана ў дакладзе.