Па словах сястры загінулага Іны Русак, у СК ёсьць запісы зь відэарэгістратара з салёну міліцэйскага «ўазіка». Ёй іх не паказваюць.
Навіна пра тое, што ў Нясьвіскім раёне ў міліцэйскім аўтамабілі затрыманы зьдзейсьніў суіцыд, зьявілася ў сярэдзіне сьнежня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч павесіўся ў салёне службовага «ўазіка».
Родная сястра нябожчыка Іна Русак расказала Свабодзе пра падрабязнасьці здарэньня. Яна лічыць, што да афіцыйнай вэрсіі падзей шмат пытаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра мужчыны, які нібыта ўчыніў суіцыд у міліцэйскай машыне: «Яны вінаватыя, прыкрываюць сябе»Мэханічная асьфіксія
Праз паўтара месяца пасьля сьмерці брата пытаньняў да сьледзтва ў Іны Русак толькі больш. Жанчына дагэтуль не атрымала на рукі афіцыйнага дакумэнту з вынікамі мэдычнай экспэртызы цела брата.
«На рукі мне нічога не далі, — кажа Іна. — Але я бачыла тэкст мэдычнага заключэньня часткова. І мне сьледчы сказаў, што ня могуць вырашыць, што рабіць з двума міліцыянтамі, якія забіралі брата.
У заключэньні ёсьць словы „мэханічная асьфіксія“. Але таксама напісана пра тое, што органы перапоўненыя крывёю. Час сьмерці незразумелы, там ёсьць несупадзеньні. Я ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца».
Па словах сястры нябожчыка, у матэрыялах справы зафіксаваны час затрыманьня яе брата — 17.05. А час сьмерці — 18.31. Незразумела, што зь Сяргеем Абрамовічам адбывалася ў міліцэйскай машыне больш як паўтары гадзіны. Яго сястра кажа, што ад дому бацькі, адкуль Абрамовіча забірала міліцыя, да меркаванага месца сьмерці на аўтамабілі ехаць каля 20 хвілін.
«Справу забраў сабе Менск»
Па словах жанчыны, больш як за паўтара месяца, якія прайшлі з моманту сьмерці брата, яна не даведалася пра абставіны яго гібелі нічога. Мясцовыя нясьвіскія сьледчыя, якія напачатку ішлі на кантакт і дзяліліся інфармацыяй, амаль перасталі гэта рабіць. Кажуць, што «справу забраў сабе Менск».
«Яны мне не званілі, сама пайшла ў РУУС, напісала заяву, каб далі на рукі поўны тэкст мэдычнага заключэньня, — расказвае Іна Русак. — Гавораць, што справай займаецца Менск, што ўсе дакумэнты туды перасылаюць зь Нясьвіжа. Мясцовы сьледчы гаворыць, што ня ведае, ці можа знаёміць мяне з дакумэнтамі, ці можа мне копіі экспэртызы даваць.
Пратакол аб ускрыцьці цела не паказваюць. Баюся, што мне дадуць толькі паперку са словамі „мэханічная асьфіксія“. І ўсё. А я хачу мець на руках поўны тэкст экспэртызы, каб паглядзець самой. Магчыма, незалежнаму экспэрту паказаць. У мяне на руках зараз ніводнага дакумэнта няма».
«У міліцыі ёсьць запісы зь відэарэгістратара з салёну аўтамабіля»
Як патлумачылі Свабодзе ў Цэнтральным апараце Сьледчага камітэту, праверка па факце сьмерці Сяргея Абрамовіча ў салёне міліцэйскага аўтамабіля працягваецца. Больш поўнай інфармацыі па гэтай справе пакуль няма.
Іна Русак кажа, што міліцыянты, якія забіралі брата з бацькавага дому, працуюць на сваіх месцах, як і раней.
«Міліцыянты, якія брата забіралі, працягваюць працаваць, — кажа Іна. — Мяне вось гэты факт палохае. Як гэта магчыма? Я, напрыклад, працую ў краме, нясу адказнасьць за тавар. У выпадку чаго мяне пакарае начальства.
А тут забралі чалавека — і ніякай адказнасьці. Забралі жывым, то аддавайце жывым. Якім бы ён ні быў. Брат быў спакойны, калі яго забіралі. Што адбылося ў міліцэйскім аўтамабілі? Магчыма, ён лаяўся на іх. Магчыма, яшчэ нешта. Аказалася, што ў міліцыі ёсьць усе запісы зь відэарэгістратара.
Спачатку гаварылі, што няма. А аказваецца, што яны іх маюць. Але мне іх таксама яшчэ не паказалі. Толькі пачатак самы зь відэарэгістратара. Сьледчы гаворыць, што ня ведае, ці мае права мне іх паказваць».
Іне Русак удалося даведацца таксама некаторыя падрабязнасьці з матэрыялаў праверкі па факце сьмерці яе брата. Згодна з гэтымі матэрыяламі, у крыві Сяргея Абрамовіча было 2,9 праміле алькаголю, а даўжыня шнурка ад чаравіка, на якім ён нібыта павесіўся, складала 46,5 сантымэтра.
Кіраўнік Нясьвіскага РУУС Андрэй Петручэня ў размове са Свабодай адмовіўся расказваць пра далейшы лёс супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Абрамовіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён зачапіўся за частку кратаў». У міліцыі патлумачылі, як затрыманы мог павесіцца ў машыне