Праваабарончы цэнтар «Вясна» ініцыяваў конкурс мастацкіх работ, зробленых за кратамі і ў іншых месцах несвабоды — лячэбна-працоўных прафілякторыях, установах адукацыі і аховы здароўя закрытага тыпу.
Прыём малюнкаў ды іншых мастацкіх работ праходзіць з 14 студзеня па 2 красавіка. Пераможцаў чакаюць прызы і дэманстрацыя работ на выставе, якая адкрыецца 15 красавіка ў Менску.
«Мы ведаем, што там, за кратамі, шмат таленавітых людзей, якія могуць і хочуць удзельнічаць у такіх конкурсах. Ім трэба праявіць сябе, сваю душу, настроі, паказаць свае гісторыі. Іншая рэч, як гэтае жаданьне рэалізаваць? Ці дазволіць адміністрацыя перасылку такіх твораў? Закон гэтага не забараняе, але ў рэальнасьці турэмная цэнзура можа тычыцца ня толькі тэксту, але і малюнкаў. І ўсё ж спадзяёмся, што нас зразумеюць і прадстаўнікі адміністрацый папраўчых устаноў», — сказаў Свабодзе ініцыятар конкурсу, былы адвакат Павал Сапелка.
Павал Сапелка згадаў, што за час працы адвакатам і ў праваабарончым цэнтры «Вясна» шмат разоў асабіста атрымліваў лісты з малюнкамі ды іншыя работы, зробленыя за кратамі.
«Часам прыходзілі каляровыя віншаваньні, выкананыя лепш, чым у друкарні. Альбо атрымліваў добра зробленыя нататнікі. Але нам нават не мастацкі ўзровень важны, галоўнае — даць магчымасьць вязьням праявіць сябе, сваю душу, мары, думкі. Таму мы просім аўтараў прыкласьці да сваёй працы тлумачальны тэкст ці хаця б сваю гісторыю».
Арганізатары конкурсу ня ставяць асаблівых абмежаваньняў у тэматыцы.
«Ад нас абмежаваньне простае — каб мастацкія творы не распальвалі нянавісьці і варожасьці паводле якой-небудзь прыкметы, а таксама каб не заклікалі да гвалтоўных дзеяньняў. Такія творы да конкурсу дапушчаныя ня будуць», — кажа Сапелка.
Прысланыя на конкурс творы будуць выстаўляцца з 15 красавіка на працягу месяца на пляцоўцы кансультацыйна-інфармацыйнай установы «Тэрыторыя правоў», пазьней магчымы ўдзел работ у іншых выставах, у тым ліку за мяжой.
Як перадаць творы з турмы?
Як вязьні закрытых пэнітэнцыярных устаноў змогуць перадаць свае малюнкі ды іншыя вырабы на волю для ўдзелу ў конкурсе?
З гэтым пытаньнем Свабода зьвярнулася да праваабаронцы, былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі, які сам пабываў у некалькіх вязьніцах.
«Нават з-за кратаў у канвэрце разам зь лістом ці паштоўкай можна адправіць і малюнак, гэта не забаронена. А калі ёсьць жаданьне адправіць на волю малюнак большага фармату, як А3, дык можна замовіць і набыць адпаведны канвэрт. Што да іншых твораў вязьняў, могуць быць складанасьці, але і яны пераадольныя», — сказаў Андрэй Бандарэнка.
Бандарэнка згадаў, што ў калёніях і вязьніцах можна знайсьці фарбы, каляровыя алоўкі.
«У нас жа там дагэтуль праводзяць конкурсы насьценгазэт, квітнее такі постсавецкі мадэрнізм, у пэўнай ступені такая творчасьць яшчэ падтрымліваецца адміністрацыяй, стымулюе таленты. Але акцэнт на тое, каб вязьні малявалі па памяці пэйзажы — бярозкі, птушак. Сур’ёзныя, праваабарончыя тэмы закранаць у такіх творах у насьценгазэтах немагчыма, гэта можна будзе асьвятляць, толькі калі выйдзеш з-за кратаў на волю. І яшчэ вельмі важна, каму на волі будзе адрасаваны такі малюнак. Верагодна, яго лепш адрасаваць сваякам ці сябрам, тады шанцаў, што ён дойдзе таму, каму прызначаны, будзе больш», — мяркуе Андрэй Бандарэнка.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у калёніях і іншых месцах зьняволеньня ў Беларусі ў 2018 годзе знаходзілася каля 40 тысяч чалавек.