У рэйтынгу «Індэкс дэмакратыі 2018», які склаў аналітычны аддзел брытанскага часопісу The Economist, Беларусь трапіла ў групу аўтарытарных дзяржаваў.
Беларусь у рэйтынгу заняла 137-ю пазыцыю з агульным балам 3,13. Летась беларуская ацэнка была такой жа. Усяго ў сьпіс увайшлі 167 краін сьвету, піша Thinktanks.by.
Аўтары дасьледаваньня адзначаюць: «Беларусь, Азэрбайджан і чатыры дзяржавы Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Узбэкістан) застаюцца дыктатурамі, большасьць лідэраў якіх захоўваюць свае месцы на працягу дзесяцігодзьдзяў. Мы чакаем, што ў бліжэйшыя гады паляпшэньне рэйтынгаў гэтых краін будзе нязначным альбо яго ня будзе зусім, паколькі не прадбачыцца ніякіх верагодных магчымасьцяў для палітычнай апазыцыі заваяваць уладу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Freedom House: Беларусь — стабільна кепскаРасея займае ў сьпісе яшчэ ніжэйшую —144-ю пазыцыю.
Краіны падзеленыя на чатыры тыпы: поўная дэмакратыя, недасканалая дэмакратыя, гібрыдная дэмакратыя і аўтарытарны рэжым.
Найлепшымі дэмакратычнымі краінамі названыя Нарвэгія, Ісьляндыя, Швэцыя, Новая Зэляндыя і Данія.
Індэкс вызначаўся паводле пяці крытэраў: выбарчы працэс і плюралізм, грамадзянскія свабоды, функцыянаваньне ўраду, палітычны ўдзел, палітычная культура.