50 адмоваў у суткі. Расіян працягваюць «заварочваць» на ўкраінскай мяжы

Рэгіёны, дзе было ўведзенае ваеннае становішча

Дзеяньне ваеннага становішча, якое забараняла ўезд ва Украіну грамадзянам Расійскай Фэдэрацыі мужчынскага полу, скончылася 26 сьнежня.

З 26 сьнежня, пасьля спыненьня дзеяньня ваеннага становішча ў некаторых украінскіх рэгіёнах, больш за 800 грамадзянам Расіі адмоўлена ў пропуску на тэрыторыю Украіны. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе. У сярэднім грамадзяне РФ атрымліваюць адмову ва ўезьдзе ва Украіну 50 разоў у суткі.

«Са спыненьнем ва Украіне дзеяньня рэжыму ваеннага становішча пагранічнікі працягваюць ажыццяўляць узмоцненыя меры бясьпекі на дзяржаўнай мяжы, лініі судакрананьня і адмінмежах з часова акупаванай тэрыторыі АР Крым. — гаворыцца ў паведамленьні на сайце Памежнай службы Украіны. — Пры гэтым пры перасячэньні мяжы замежнікамі і асобамі без грамадзянства, у тым ліку грамадзянамі Расійскай Фэдэрацыі, памежнікі пастаянна аддзяляюць групы рызык і праводзяць дадатковыя меры з мэтай недапушчэньня ва Украіну асобаў, якія могуць быць датычныя да правакацыйных або неправамерных дзеяньняў на тэрыторыі нашай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна падоўжыць забарону на ўезд для расейскіх мужчынаў

Абмежаваньні на ўезд ва Украіну грамадзян Расіі мужчынскага полу ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў увялі разам з ваенным становішчам на частцы тэрыторыі Украіны з 26 лістапада 2018 тэрмінам на адзін месяц. Пасьля завяршэньня дзеяньня ваеннага становішча Савет нацыянальнай абароны і бясьпекі Украіны вырашыў захаваць гэтае абмежаваньне. Як паведамлялі тады ўкраінскія сілавікі, за час дзеяньня ваеннага становішча ва Украіне не прапусьцілі 1616 грамадзян Расіі.