Як экзатычныя жывёлы перажываюць беларускую зіму. Фотарэпартаж з заапарку

Пэрсыдзкі леапард Жорж у Гарадзенскім заапарку

Флямінга прымаюць цёплыя ванны, пэліканам ставяць драўляныя пянькі, а львы выходзяць паляжаць на сьнезе. Як экзатычныя жывёлы перажываюць зіму ў Беларусі, распавёў намесьнік дырэктара Горадзенскага заапарку Віталь Гуменны.

1. Ільвы любяць паляжаць на сьнезе

Дзікім катам ня страшныя беларускія зімы. Напрыклад, амурскія тыгры ў прыродзе існуюць у значна больш суровых умовах — на Далёкім Усходзе, дзе дзьмуць моцныя вятры на адкрытых прасторах, а маразы сягаюць мінус 50 градусаў.

У заапарку ў іх заўсёды адкрытыя выхады зь цёплых вальераў, каб яны маглі пагуляць на сьвежым паветры. Закрываюць толькі на ноч.

«Ільвіцы вельмі любяць выходзіць на сьнег. Яны кладуцца на сухую драўляную паліцу пад грыбком і могуць доўга так ляжаць. Пастаянна выходзіць Жорж, пэрсыдзкі леапард. Ён вытаптаў цэлую дарогу ўздоўж сеткі агароджы», — кажа Віталь Гуменны.

2. Малпам марозяць на зіму галінкі вярбы

Малпы застаюцца ў звыклым вальеры. Але на зіму выхады на вуліцу для іх шчыльна зачыняюць, а шчыліны запеньваюць мантажнай пенай, каб нават слабенькага скразьняку не было. Ацяпленьнем і лямпамі падтрымліваюць тэмпэратуру 24–28 градусаў у залежнасьці ад віду.

Яванскія макакі

У дзікай прыродзе ў жывёл шмат заняткаў: здабываць ежу, ратавацца ад небясьпекі. У заапарку ўсё гэта ім забясьпечваюць людзі. Узімку недахоп актыўнай дзейнасьці адчуваецца яшчэ больш, бо малпы не выходзяць на вуліцу.

Каб гадаванцы не сумавалі, для іх прыдумляюць забавы: кладуць цацкі, бярэмя сена, зь якім можна бавіцца або прыстасаваць яго пад іншыя патрэбы. Для відаў, што жывуць у кронах дрэваў, вешаюць перакладзіны, гімнастычныя кольцы, гамакі, вяроўкі, па якіх яны скачуць.

Калёбус Алівія — малпа з доўгім хвастом — грэецца каля батарэі

Для малпаў калёбусаў замарожваюць парэзаныя на кавалкі галінкі вярбы — пры патрэбе іх размарожваюць і падаюць сьвежымі як зялёную масу.

Цікава, што малпы ядуць ня толькі гародніну і садавіну, а любяць і прысмакі. Ім даюць гарбату зь белым хлебам і сочывам, цукеркі, семкі, арэшкі.

Малпы ядуць ня толькі садавіну, але і прысмакі

3. Трубказубу прыглушаюць сьвятло

Многія дзікія жывёлы, якія жывуць у пустынях і паўпустынях, прывыклі да вялікіх перападаў тэмпэратур. Бо ўдзень там можа быць да 40 градусаў цяпла, а ўначы — каля нуля. Узімку нават у пустыні Сахара могуць здарацца замаразкі. Каб лягчэй пераносіць такі клімат, жывёлы капаюць норы і праводзяць там шмат часу. Гэта гіены, трубказубы, дзікабразы. Аднак у заапарку рыць норы ім няма як.

Трубказубу нару замяняе зацямненьне клеткі, там пануе паўзмрок. У прыродзе трубказуб сілкуецца беспазваночнымі жывёламі, а ў заапарку іх замяняе сабачы корм.

Для трубказуба робяць паўзмрок

Самае галоўнае для гэтых жывёл — каб увесь час было цёпла. У клетцы вісіць спэцыяльная лямпа, якая стварае цеплавую пляму.

Яшчэ адна рэдкая экзатычная афрыканская жывёла — земляны воўк зь сямейства гіенавых. У адрозьненьне ад іншых відаў гэтага сямейства, земляныя ваўкі не ствараюць зграяў, а жывуць парамі. Як і ўсе экзатычныя млекакормячыя, ён, акрамя паніжанай тэмпэратуры, кепска пераносіць скразьнякі.

Земляны воўк мае дадатковае памяшканьне, каб схавацца ад людзей

Земляны воўк вельмі ўражлівы. Каб наведнікі ня выклікалі ў яго стрэсу, яму адведзена яшчэ адна частка клеткі далей ад калідора, дзе ён можа схавацца і адляжацца, калі спалохаецца.

4. Мангустаў пераносяць у цяпло

Янотаў-паласкуноў, насух, паласатых мангустаў пераносяць у цяпло. Але ім пакідаюць магчымасьць выйсьці на двор.

Мангуст

Янот

Насухі

Рысь жыве па суседзтве. Яна таксама часта выходзіць на шпацыр, але ежу ў зімовы пэрыяд спажывае ў цяпле.

Рысь харчуецца ў цёплым месцы

5. Антылёпам запасяць сена

Цеплалюбівых капытных — антылёпу кану, антылёпу гну, куланаў — трымаюць у цёплых памяшканьнях. На зіму ўсім капытным запасяць сена і ліставыя венікі, часьцей дубовыя. Каб кампэнсаваць недахоп сьвежай травы, іх больш кормяць гароднінай. У рацыёне — сумесь з буракоў, морквы, хлеба, збожжа, камбікорму.

Антылёпа кана

Антылёпа гну

6. Для палачнікаў замарожваюць малінавае лісьце

Ва ўмовах утрыманьня паўзуноў і земнаводных у тэрарыюме амаль нічога не зьмяняецца. Галоўнае — захоўваць патрэбную тэмпэратуру для кожнага віду. Насякомым палачнікам, якія таксама жывуць у тэрарыюме, патрэбная зялёная маса, якую нічым не заменіш. На зіму для іх замарожваюць малінавае лісьце.

7. Флямінга прымаюць цёплыя ванны

Адна з галоўных небясьпекаў для многіх птушак — нават ня холад, а скразьнякі. Таму ў заапарку іх зьмяшчаюць у шчыльна закрытыя вальеры.

Чорная лебедзь

Чорныя буслы на зіму звычайна ляцяць у вырай, але не ў заапарку. Яны адчувальныя да перападаў тэмпэратур, таму ўзімку іх пераносяць у цёплае памяшканьне. Белыя буслы застаюцца халаднейшым вулічным вальеры з памяшканьнем, абароненым ад ветру.

Чорны бусел

Каб птушкам зручней было хадзіць па ўнутраных вальерах і каб не балелі суставы, на кафэльную падлогу кладуць драўляны памост. Некаторым відам усю падлогу засыпаюць пілавіньнем. Флямінга дзеля гэтага ж пэрыядычна купаюць — робяць ім цёплыя ванны.

Флямінга прымаюць цёплыя ванны

Кучаравыя пэліканы ўтрымліваюцца ў вальерах з выхадам на вуліцу. Таму ўзімку яны часам выходзяць на шпацыр. У вальеры для іх ставяць драўляныя пянькі, бо яны любяць займаць месцы на ўзвышшы.

Пэліканам ставяць драўляныя пянькі

Ежу для пэліканаў, буслоў, чапляў, флямінга апускаюць у міску з вадой, каб яны самі здабывалі яе адтуль. Так яны будуць здаравейшыя.

8. Лебедзі і качкі зімуюць на двары

Адзіныя, каму ў зімовы пэрыяд камфортна на двары і днём і ноччу, — вадаплаўныя птушкі. Яны зімуюць у заапарку на вадзе і на берагах малых вадаёмаў.

У заапарку можна ўбачыць тыя віды, якія звычайна ляцяць зь Беларусі на зіму. Перадусім гэта розныя віды гусей. Яны ня здольныя да палёту: або нарадзіліся ў заапарку, або іх тут выгадавалі пасьля траўмы.

Лебедзі-шыпуны раней адляталі ў вырай. Цяпер, калі зімы зрабіліся досыць цёплыя, застаюцца ў Беларусі.

Лебедзі-шыпуны ў заапарку — падранкі, іх выгадоўваюць пасьля траўмаў

Качкі-крыжанкі, якіх можна ўбачыць побач, — дзікія. Яны могуць лётаць дзе заўгодна, але прылятаюць сюды, каб камфортней перазімаваць.

Дарэчы, крыжанкі зімой утвараюць пары і таму становяцца асабліва прыгожымі. У іх зьяўляюцца выразныя адрозьненьні паміж самцом і самкай, якія ўвосень амаль сьціраюцца. Так, у самца праяўляецца зялёная «шапачка».

Качкі-крыжанкі ўзімку прыгажэюць

«Людзі часта турбуюцца, чаму лебедзь сядзіць на беражку лёду — думаюць, прымёрз. Не, для іх гэта нармальна», — тлумачыць супрацоўнік заапарку.

Для лебедзяў і іншых вадаплаўных зімой важная адкрытая вада. Калі вадаём зацягваецца лёдам, супрацоўнікі заапарка прабіваюць у ім палонку. Па-першае, на вадзе цяплей, чым на лёдзе. Птушкі там грэюцца. Па-другое, яны прывыклі харчавацца воднымі беспазваночнымі, рачкамі, багавіньнем.

«Гэта іхнія інстынкты. Калі ня будзе адкрытай вады, то яны сыдуць», — кажа Віталь Гуменны.

Птушак пастаянна падкормліваюць гароднінай: сумесьсю буракоў, морквы, капусты. Рацыён у параўнаньні зь летнім амаль не зьмяняецца.

Кармушку перасоўваюць бліжэй да вады

Карыта з кормам перамяшчаюць бліжэй да вады.

На ноч выкладваюць вялікую пляму сена. На ім птушкі начуюць.

«Гусі ў яго закопваюцца, грэюць лапы», — кажа Віталь Гуменны.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Тры тысячы рублёў на месяц. Як выжывае адзіны ў Беларусі прытулак для дзікіх птушак

Буслы прыляцелі. Ці мерзнуць птушкі ў Беларусі халоднай вясной

Пустэльнікі на краі сьвету: як людзі выжываюць на Чукотцы

Рака Бярэзіна ўзімку. ВІДЭА З ДРОНА