Калі вы скажаце людзям, што ў іх генах прапісана нізкая эфэктыўнасьць ад фізычных практыкаваньняў і схільнасьць да набору вагі, іх целы пачынаюць «верыць» у гэта і рэагаваць адпаведным чынам. Пра гэта піша газэта The New York Times.
Наколькі мы мацнейшыя за свае гены
Паводле аўтаркі газэты Грэтхэн Рэйналдз, вынікі новага мэдычнага дасьледаваньня ўздымаюць правакацыйнае пытаньне аб тым, наколькі гены ўплываюць на наш арганізм і наколькі нашы ўяўленьні пра сябе могуць быць мацнейшымі за гены.
Пасьля расшыфроўкі чалавечага геному сталі магчымымі і даступнымі розныя генэтычныя тэсты, якія, сярод іншага, могуць адказаць на пытаньне, наколькі эфэктыўна наш арганізм рэагуе на фізычныя практыкаваньні, ці схільны ён да набору вагі і да якіх наогул хваробаў мы маем схільнасьць.
Разам з тым чуюцца і галасы генэтыкаў, якія сьцьвярджаюць, што ўплыў на здароўе канкрэтных камбінацый генаў нязначны і пакуль мала вывучаны.
Яшчэ менш вядома пра сувязь псыхалягічных наступстваў навучаньня і высокай або нізкай генэтычнай рызыкай у галіне здароўя.
Стэнфардзкі экспэрымэнт
Вось чаму калектыў дасьледчыкаў Стэнфардзкага ўнівэрсытэту вырашыў падмануць вялікую групу мужчын і жанчын наконт іх генэтычных схільнасьцяў.
Пасьля рэклямнай кампаніі на мясцовым узроўні было выбрана больш за 200 здаровых мужчын і жанчын. Яны здалі сьліну для генэтычнага аналізу, пасьля чаго былі падзеленыя на дзьве групы.
Адна займалася на бегавых дарожках, а іншая сканцэнтравалася на дыетах і харчовых паводзінах.
У першым выпадку кантралявалася паглынаньне кіслароду лёгкімі, іх аб’ём і самаадчуваньне ўдзельнікаў. У другім — пачуцьцё насычэньня ад пэўнай колькасьці спажытых калёрый і ўзровень адпаведных гармонаў у крыві.
Празь нейкі час пасьля пачатку экспэрымэнту некаторым людзям зь першай групы сказалі, што яны маюць асаблівы ген, які абумоўлівае нізкі эфэкт ад фізычных практыкаваньняў. Людзям з другой, дыетычнай, групы сказалі, што яны маюць ген, які абумоўлівае нізкае пачуцьцё насычэньня і схільнасьць да пераяданьня.
Сэнсацыйныя вынікі
Пасьля такога падману экспэрымэнт працягнулі.
Аказалася, што целы падманутых удзельнікаў зь першай групы сталі горш рэагаваць на фізычную нагрузку, у тым ліку горш паглынаць кісларод. Людзі з другой, дыетычнай, групы сталі паведамляць, што насыціліся раней, а ўзроўні гармонаў насычэньня ў іх крыві павысіліся.
У абодвух выпадках псыхалягічныя перакананьні людзей зьмянілі іх фізыялягічныя рэакцыі
У абодвух выпадках псыхалягічныя перакананьні людзей зьмянілі іх фізыялягічныя рэакцыі.
Вынікі экспэрымэнту, паводле аднаго зь яго аўтараў Брэдлі Торнвальда, сьведчаць, што людзі, верагодна, прыпісваюць генам больш улады і ўплыву на наша здароўе, чым ёсьць насамрэч.
І наадварот, нашы розум і вера могуць адыгрываць аднолькавую або нават большую ролю, чым ДНК, у фармаваньні рэакцый арганізму прынамсі на дыеты і фізычныя практыкаваньні.
Вядома, трэба правесьці далейшыя дасьледаваньні для выяўленьня суадносінаў паміж генамі, вераю і здароўем, але ўжо атрыманыя ў Стэнфардзе вынікі дапамагаюць нам лепш зразумець сябе.