Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман. Ён аналізуе апошнія трэнды ў беларуска-амэрыканскіх адносінах, адказвае на пытаньне, ці стане Беларусь мурам супраць «расейскага нэаімпэрыялізму» і тлумачыць, якога кроку ў адказ чакаюць ад Вашынгтону беларускія ўлады.
Гэтае рашэньне адлюстроўвае асэнсаваную зацікаўленасьць Менску вярнуць беларуска-амэрыканскія дачыненьні да нармальнасьці
— Паводле зьвестак амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей праз тэлефон паведаміў 10 студзеня прадстаўнікам ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. Ці сьведчыць гэты крок пра пэўнае пераасэнсаваньне афіцыйным Менскам сваіх адносінаў з Вашынгтонам? Ці гэта пакуль толькі чыста фармальны захад, зь якога ня варта рабіць вялікіх высноваў?
— Для тых, хто ўважліва сочыць за беларуска-амэрыканскімі стасункамі, зразумела і відавочна, што гэты крок зьяўляецца працягам той працы, якая вялася цягам апошніх прынамсі 3–4 гадоў. Недзе пасьля 2012 году ЗША і Беларусь фактычна дамовіліся, каб рухацца маленькімі крокамі, выносіць за дужкі адносінаў праблемныя тэмы, ніяк іх не чапляць і факусавацца на тых «кропкавых» пытаньнях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Пасьля гэтага адбыўся Крым, Беларусь прадэманстравала сваю канкрэтную незалежную пазыцыю ў гэтым пытаньні – і гэта выклікала пэўную дадатковую цікавасьць у ЗША. Але адміністрацыя Абамы ўсё роўна нейкай вялікай зацікаўленасьці ў рэгіёне не праяўляла. Некаторыя афіцыйныя асобы той адміністрацыі нават казалі, што ёсьць пэўныя перадумовы, каб рухацца да новых крокаў. Хаця Беларусь фактычна некалькі гадоў таму дала сыгнал, што яна гатовая сур’ёзна размаўляць пра аднаўленьне паўнавартасных дыпляматычных місіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкі, санкцыі, чорныя сьпісы. Гісторыя дыпляматычнага скандалу паміж ЗША і БеларусьсюЗ прыходам адміністрацыі Трампа мы пабачылі, што няма ніякіх такіх умоваў, якія замінаюць далейшаму прагрэсу наконт аднаўленьня працы амбасадаў. І тое, што адбылося цяпер, наколькі я разумею, зьяўляецца працягам перамоваў, якія адбыліся паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уэсам Мітчэлам у Менску.
Так што, калі рэзюмаваць, то гэтае рашэньне Менску ёсьць новым крокам у гэтым даволі працяглым і марудным працэсе. Яно адлюстроўвае пэўную асэнсаваную зацікаўленасьць беларускага боку, каб вярнуць беларуска-амэрыканскія стасункі да нармальнасьці. У тых геапалітычных варунках, у якіх мы знаходзімся, вельмі важна, каб з усімі асноўнымі гульцамі былі нармальныя дачыненьні.
У Беларусі ня можа быць замежнай палітыкі. «Мы з вамі альбо мы зь імі»
— Калі вы ўжо згадалі візыт памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Уэса Мітчэла, то многія аналітыкі запомнілі ягоныя словы напярэдадні прыезду ў Менск, што Ўкраіна, Грузія «і нават Беларусь», зьяўляюцца мурам супраць расейскага нэаімпэрыялізму». Ці можна сказаць. што гэтыя словы сталі праграмнымі для вызначэньня цяперашняй палітыкі ЗША да Беларусі?
— Яны былі праграмнымі ў тым сэнсе, што паказалі, што ў гэтай адміністрацыі ЗША значна большы інтарэс да нашага рэгіёну. У тым ліку да стасункаў зь Беларусьсю. Адначасова я б не перабольшваў менавіта гэты тэзіс. Бо, сказаўшы гэта, Уэс Мітчэл у Менску падкрэсьліў, што ЗША з разуменьнем ставяцца да геапалітычнай пазыцыі Беларусі, да таго, што ў інтарэсах Беларусі захоўваць максымальна добрыя стасункі з Расеяй і адначасова паглыбляць і разьвіваць адносіны з Захадам.
У ЗША дактрынальныя дакумэнты, прынятыя апошнім часам, сьцьвярджаюць, што Расея і Кітай зьяўляюцца стратэгічнымі канкурэнтамі, апанэнтамі, фактычна галоўнымі праблемамі для ЗША ў замежнай палітыцы. Пры ўсім гэтым у Беларусі іншая геапалітычная і структурная пазыцыя ў міжнародных зносінах. Таму тут галоўнае, каб было знойдзена паразуменьне. Беларускае кіраўніцтва падкрэсьлівае, што ў Беларусі ня можа быць замежнай палітыкі «Мы з вамі альбо мы зь імі». І гэта тое, што пакуль што (прынамсі, на ўзроўні рыторыкі) ЗША прызнаюць.
Цяперашнія адносіны з Расеяй ня могуць не падштурхоўваць Менск да дывэрсыфікацыі замежнай палітыкі…
— Тым ня менш навіна пра аднаўленьне паўнавартаснай працы амбасады ЗША ў Менску зьявілася ў канкрэтны час пэўнага процістаяньня паміж Менскам і Масквой. Ці выпадкова, што гэтае рашэньне МЗС Беларусі зроблена на фоне такіх спэцыфічных і напружаных адносінаў Менску з Масквой?
— Як я ўжо казаў, гэтае рашэньне рыхтавалася даўно і яно не зьяўляецца нейкай тут сэнсацыяй, яно чакалася «калі ня сёньня, то заўтра». Хаця зразумела, што тыя варункі, якія сёньня ў дачыненьнях з Расеяй, падштурхоўваюць беларускія ўлады думаць больш актыўна, як дамагацца дывэрсіфікацыі замежнаэканамічнай і палітычнай. Натуральна, што эканоміка і палітыка зьвязаныя, і цяжка спадзявацца на павялічэньне экспэрты і інвэстыцыяў, калі няма нармальных палітычных стасункаў.
— Звычайна ў міжнародных стасунках існуе «прынцып узаемнасьці». Калі бок, які прыняў нейкае рашэньне, кажа «Мяч на вашым баку» і разьлічвае на нейкія крокі ў адказ ад партнэра. Што б хацеў афіцыйны Менск атрымаць у адказ ад ЗША?
— Як я ўжо казаў, усё гэта зьяўляецца часткай дастаткова доўгага перамоўнага працэсу. І тут ня толькі Менск робіць нейкія крокі. Канчатковай мэтай тут ёсьць жаданьне аднавіць паўнавартаснае функцыянаваньне амбасадаў. Я думаю, ёсьць прынцыповае разуменьне з амэрыканскага боку, і неўзабаве мы можам чакаць пэўныя рашэньні з гэтага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗШАТут, аднак, ёсьць і тэхнічныя моманты, што тычыцца стану будынкаў амбасады. Для таго, каб амэрыканская амбасада аднавіла працу ў ранейшым фармаце, трэба нешта рабіць з той інфраструктурай, якую яны маюць. У беларускай амбасадзе ў ЗША таксама цяпер праходзіць рамонт, і гэта можа на пэўны час зацягнуць канчатковае вырашэньне пытаньня. Бо зразумела, што, калі прызначаюцца амбасадары, інфраструктура павінна быць гатовая для нармальнай працы.