Расейскі мэдыярэгулятар «Роскомнадзор» пачаў праверку ў дачыненьні да рускамоўнага сайту BBC на прадмет наяўнасьці матэрыялаў з тэрарыстычнай ідэалёгіяй.
У «Роскомнадзор’ы» заявілі, што правераць, ці выконвае брытанская кампанія дзейнае ў Расеі жорсткае анты-экстрэмісцкае заканадаўства.
«У дадзены момант выяўленыя матэрыялы, якія трансьлююць ідэалягічныя ўстаноўкі міжнародных тэрарыстычных арганізацый (цытаты тэрарыста аль-Багдадзі), — гаворыцца ў заяве ведамства [маецца на ўвазе лідэр» Ісламскай дзяржавы» Абу Бакр аль-Багдадзі — РС]. — Праводзіцца экспэртыза на прадмет адпаведнасьці прадстаўленых матэрыялаў з нормамі расейскага анты-экстрэмісцкага заканадаўства».
Адказваючы на абвінавачаньні, прадстаўнік BBC у інтэрвію CNN заявіў: «Будучы міжнароднай вяшчальнай кампаніяй, BBC цалкам выконвае законы і іншыя правілы кожнай краіны, дзе працуе, у тым ліку Расеі, і мы заўсёды гатовыя надаць дадатковую інфармацыю аб сваіх матэрыялах па запыце адпаведнага рэгулятара».
У Расеі дзейнічаюць строгія анты-экстрэмісцкія законы, якія, паводле слоў назіральнікаў, могуць выкарыстоўвацца для здушэньня апазыцыйных настрояў.
На практыцы, усе расейскія СМІ пры любым згадваньні «Ісламскай дзяржавы» ўдакладняюць, гэта гэтая арганізацыя забароненая ў РФ. Замежныя СМІ такіх удакладненьняў не даюць.
У сьнежні «Роскомнадзор» заявіў, што пачне праверку BBC, каб упэўніцца, ці выконвае брытанская кампанія расейскія законы. Гэта здарылася пасьля таго, як брытанскі мэдыярэгулятар Ofcom абвінаваціў расейскую дзяржаўную сетку RT ў парушэньні законаў аб бесстароннасьці пры асьвятленьні замаху ў Солсбэры.