Гомельскі абласны суд прызнаў жыхара Рэчыцкага раёну вінаватым у забойстве таксіста, учыненым 34 гады таму. Абвінавачанага пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі, як і патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца.
Яго судзілі паводле Крымінальнага кодэксу БССР — паводле артыкулаў 89 і 100 (крадзеж і забойства). Злачынства было ўчыненае ў 1984 годзе.
Абвінавачаны цалкам адмаўляў сваю віну. Доказамі на судзе былі вынікі экспэртызы — супадзеньне адбіткаў далоняў і біялягічнага матэрыялу, а таксама першапачатковыя прызнаньні Ігара Севярынца ў забойстве. На судзе ён адмовіўся ад сваіх паказаньняў і сказаў, што даў іх пад ціскам сьледчага.
Паводле абвінавачанага, супрацоўнік міліцыі пагражаў яму «прэс-хатай» (турэмная камэра, дзе для вязьня створаны невыносныя ўмовы. — РС) і паказаць іншым асуджаным здымак Ігара Севярынца ў міліцэйскай форме. Абвінавачаны ў 1980-я працаваў ахоўнікам і насіў міліцэйскую форму. Гэтае фота сапсавала б ягоную рэпутацыю сярод іншых зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не разумелі, што пагражае расстрэл?» Жыхара Рэчыцкага раёну судзяць за забойства 34-гадовай даўнасьціНа момант забойства Ігару Севярынцу быў 21 год, а забітаму таксісту Міхаілу Бухману — 23. 27 лютага 1984 году таксіст не вярнуўся са зьмены. Цела маладога чалавека знайшлі паўаголеным на заледзянелым возеры. Яму нанесьлі ня менш за 47 удараў. Сьледзтва падазравала, што злачынства было ўчынена з мэтай рабаваньня, у таксіста выкралі выручку (каля трох рублёў), партманэт, гадзіньнік.
Пацярпелыя ў справе — дзьве сястры і брат забітага таксіста. Яны жывуць цяпер у ЗША і знарок прыляталі ў Беларусь, каб удзельнічаць у судзе.
З 1985 году абвінавачаны быў судзімы 12 разоў. Агулам ён правёў за кратамі 23 гады. Сядзеў за крадзяжы, рабунак, іншыя злачынствы. У 2016 годзе, калі Ігар чарговы раз трапіў за краты, да яго прыйшлі сьледчыя з новай прэтэнзіяй — падазрэньні ў забойстве, учыненым 34 гады таму. Па вэрсіі сьледчых, сучаснае тэхнічнае абсталяваньне дапамагло вызначыць, што адбіткі, пакінутыя злачынцам на крыле аўтамабіля «Волга», супадаюць з адбіткамі далоняў Ігара Севярынца.
Злачынцаў было двое. Другога зламысьніка дагэтуль не знайшлі.