Паводле зьвестак амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей праз тэлефон паведаміў 10 студзеня прадстаўнікам ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.
У МЗС Свабодзе пацьвердзілі факт перамоваў, але не пацьвердзілі і не абверглі зьняцьце абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пракамэнтаваў тэлефанаваньні Макея ў ДзярждэпForeign Policy расцэньвае гэта як «вялікі крок», «пачатак адлігі» і зьвязвае крок з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. З 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе, узровень прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША зьніжаны да часова павераных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкі, санкцыі, чорныя сьпісы. Гісторыя дыпляматычнага скандалу паміж ЗША і Беларусьсю***
У канцы жніўня 2018 году пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады ў Менску Джэніфэр Мур. Павераная ў справах ЗША сказала Свабодзе:
«Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША».
У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадараў да ўзроўню часова павераных. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.
У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».
«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску