Прэзыдэнт ЗША адмяніў свой візыт на Сусьветны эканамічны форум у Давосе (СЭФ). Пра гэта сам Дональд Трамп напісаў у Твітэры.
Прычынай для адмены паездкі сталі рознагалосьсі прэзыдэнта ЗША з дэмакратычнай большасьцю Кангрэсу ў справе будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.
«З прычыны непрымірымай пазыцыі дэмакратаў у справе бясьпекі межаў і надзвычайнай важнасьці бясьпекі для нашай краіны я пры ўсёй павазе адмяняю свой вельмі важны візыт у Давос на Сусьветны эканамічны форум», — напісаў Трамп.
Ён таксама папрасіў прабачэньня ў арганізатараў мерапрыемства за адмену паездкі.
Раней Трамп запытаў у Кангрэсу на будаўніцтва загароды на паўднёвай мяжы больш за пяць мільярдаў даляраў. Аднак дэмакратычная большасьць у Кангрэсе ЗША адмовілася ўзгадніць фінансаваньне. Гэта прывяло да частковага прыпыненьня працы ўраду. З 22 сьнежня каля 800 тысяч амэрыканскіх дзяржаўных служачых не атрымліваюць зарплату. Як паведамляе Bloomberg, аб’ём вытворчасьці ў краіне будзе скарачацца на 0,1 працэнта кожныя два тыдні.