Талібы правялі сынхронныя атакі ў розных рэгіёнах Аўганістану. Дзясяткі ахвяраў

Аўганскія спэцназаўцы падчас опэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы» ў правінцыі Нангархар 9 студзеня 2019

Ня менш за 32 супрацоўнікаў аўганскай службы бясьпекі і праўрадавых узброеных атрадаў загінулі ў выніку атакаў «Талібану» раніцай 10 студзеня, паведамляюць аўганскія ўлады.

Талібы зьдзейсьнілі атакі ў чатырох правінцыях: Кундузе, Баглане, Тахары на поўначы краіны, а таксама ў заходнім Бадгісе.

Кіраўнік рэгіёну Кала-э-Заль ў Кундузе Ахмад Фахім Карлук заявіў, што ў выніку сутыкненьняў з талібамі ў гэтым рэгіёне загінулі 10 салдат, яшчэ 11 атрымалі раненьні. Паводле яго зьвестак, загінулі таксама 25 талібаў.

У суседніх Баглане і Тахары мясцовыя ўлады паведамляюць пра гібель 16 вайскоўцаў і «цяжкія страты» з боку талібаў.

Прадстаўнік губэрнатара Бадгісу Джамшыд Шагабі заявіў, што ў правінцыі загінулі шэсьць агентаў спэцслужбаў, яшчэ дзесяць былі параненыя. Адказнасьць за напады ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Талібан».

Урадавыя сілы Аўганістану самастойна супрацьстаяць групоўкам талібаў пасьля вываду большасьці войскаў NATO ў 2014 годзе. У краіне застаецца каля 16 тысяч вайскоўцаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

20 сьнежня стала вядома аб намерах амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа вывесьці ў недалёкай будучыні з Аўганістану ня менш за пяць тысяч вайскоўцаў. Гэтая навіна паступіла на наступны дзень пасьля заявы Трампа аб намеры вывесьці дзьве тысячы вайскоўцаў з Сырыі.

Як заявіў у лістападзе 2018 прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані, 29 тысяч аўганскіх паліцыянтаў і салдат загінулі з пачатку 2015 года, то бок з часуб калі Кабул ўзяў на сябе асноўную адказнасьць за бясьпеку краіны. На працягу гэтага самага часу загінулі 58 амэрыканцаў.