Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 10 студзеня заявіла Свабодзе, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазьней за 6 верасьня 2020 году. Розьніца — усяго адзін тыдзень.
«У беларускім заканадаўстве існуе толькі тэрмін „не пазьней за“. Гэта значыць, праводзіць выбары пазьней за гэтыя даты нельга. А раней можна. А вось наколькі раней, у заканадаўстве не прапісана», — тлумачыць старшыня ЦВК.
Лукашэнка назваў 2019 год «перадвыбарным»
Сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны ў 2019 годзе назваў сёлетні год «перадвыбарным».
«Шмат пра гэта гаворыцца і пра тое, што гэта перадвыбарны год — гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытаньняў, якія трэба вырашаць лепей, чым яны вырашаюцца цяпер» — цытуе Лукашэнку БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовая беларуская апазыцыя да прэзыдэнцкіх выбараў?Калі Лукашэнка называе 2019 год перадвыбарным, ці магчыма, што абедзьве выбарчыя кампаніі пройдуць у 2020 годзе? На гэтае пытаньне Лідзія Ярмошына адказала:
«Можа, так, а мо і не. Дапускаю, што адны выбары могуць адбыцца ў канцы гэтага году, а другія ў 2020-м. Я па-ранейшаму лічу, што дзьве выбарчыя кампаніі трэба разьвесьці па розных гадах. Але паколькі Цэнтральная выбарчая камісія не прызначае выбары, то вырашаць усё будуць кіраўнік дзяржавы і парлямэнт. Думаю, што ўсё стане вядома ў красавіку, калі прэзыдэнт выступіць з традыцыйным пасланьнем да народу і парлямэнту».
Паводле Ярмошынай, супрацоўнікі ЦВК цяпер рыхтуюць пакеты дакумэнтаў на абедзьве выбарчыя кампаніі, незалежна ад таго, якая стане першай.
Папярэднія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 11 кастрычніка 2015 году, апошнія парлямэнцкія — 11 верасьня 2016 году. Прэзыдэнт выбіраецца на 5 гадоў, дэпутаты — на 4.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка зьбіраецца перамагаць на прэзыдэнцкіх выбарах