Суд Ленінскага раёну Берасьця разгледзеў крымінальную справу грамадзяніна Вялікай Брытаніі Ахмэда Абдзі Алі, які быў абвінавачаны ў садзейнічаньні незаконнай міграцыі (ч.1 арт. 371-1 КК).
48-гадовы ўраджэнец Самалі асуджаны да 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Паводле прэс-службы суду, брытанец арганізаваў незаконную міграцыю грамадзянаў Самалі і разьлічваў атрымаць за гэта ня менш за 6 тысяч эўра. Яго затрымалі летась 29 ліпеня ў цягніку Масква — Парыж на пункце пропуску «Брэст-чыгуначны» з трыма мужчынамі, якія прад’явілі пашпарты грамадзянаў Швэцыі — як выявілася з фота, чужыя.
Як перадае БелаПАН, абінавачаны набыў сапраўдныя пашпарты Швэцыі, а затым прыляцеў у Менск у рамках пяцідзённага бязьвізавага рэжыму.
Затрыманыя з фальшывымі дакумэнтамі прызналіся, што пашпарты ім даставіў грамадзянін Вялікабрытаніі. Іх пакаралі штрафамі і дэпартавалі.
Прысуд пакуль не ўступіў у сілу і можа быць апратэставаны.