Навукоўцы вызначылі, якія катэгорыі людзей больш схільныя распаўсюджваць фэйкі

Ілюстрацыйнае фота

Карыстальнікі Facebook, старэйшыя за 65 гадоў, і кансэрватары часьцей распаўсюджваюць ілжывыя навіны ў гэтай сацыяльнай сетцы, чым іхныя малодшыя ці лібэральныя калегі.

Пра гэта сьведчаць апублікаваныя 9 студзеня дасьледаваньні навукоўцаў з амэрыканскіх Прынстанскага і Нью-Ёркскага ўнівэрсытэтаў, паведамляе агенцтва France-Presse.

Дасьледнікі прааналізавалі Facebook-паведамленьні каля 1200 чалавек, якія пагадзіліся падзяліцца сваімі дадзенымі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША 2016 году. Пасьля гэтага яны параўноўвалі спасылкі, якія рэспандэнты распаўсюджвалі на Facebook, зь некалькімі сьпісамі сайтаў, вядомых распаўсюджваньнем фэйкавай інфармацыі.

Дасьледаваньне, апублікаванае ў Science Advances, паказала, што менш чым 8,5% рэспандэнтаў дзяліліся сумнеўнымі спасылкамі.


Аказалася, што сярод тых, хто рабіў гэта, пераважалі людзі старэйшага ўзросту або тыя, хто вызначалі сябе як кансэрватары. Фактычна карыстальнікі, старэйшыя за 65 гадоў, незалежна ад палітычнай прыналежнасьці, распаўсюдзілі «амаль у сем разоў больш артыкулаў з сайтаў фэйкавых навінаў», чым карыстальнікі ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў, малодшай узроставай групы, якая была аб’ектам вывучэньня.