«Справа БелТА»: галоўная рэдактарка Tut.by паскардзілася генэральнаму пракурору

Марына Золатава ля Сьледчага камітэту, архіўнае фота

Галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава падала скаргу ў Генэральную пракуратуру на паўторную адмову Сьледчага камітэту спыніць крымінальную справу і пачаць адміністрацыйную на падставе арт. 86 КК Беларусі, піша БелаПАН.

Скарга пададзеная на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

«У скаргах мы просім пракурора адмяніць рашэньне сьледчага, — сказала Золатава. — Я прашу адмяніць пастанову аб адмове задаволіць заяўленае мной хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу і крымінальнай справы, выкарыстаўшы меры адміністрацыйнага спагнаньня».

Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачанай у «справе БелТА», 2 студзеня справу перадалі ў Генпракуратуру. Ёй прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу (бязьдзейнасьць службовай асобы). Санкцыі артыкулу — штраф, пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Справу будуць вывучаць 15 дзён, сказаў Interdax.by афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў.

3 студзеня СК паўторна адмовіў Золатавай у спыненьні крымінальнага перасьледу на падставе арт. 86 КК. Паводле яго, асоба, што ўпершыню ўчыніла злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства, і кампэнсавала шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай, калі будзе прызнана, што для яе выпраўленьня дастаткова прымяненьня адміністрацыйнага спагнаньня.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.