Кампаніі «Онта-біятэхналёгіі» і «Анега» пачалі вырабляць чыпсы з цвыркуноў, яны паступяць у продаж на пачатку году. На чарзе — батончыкі і макарона, піша «Зялёны партал».
Рэцэптура ўжо зацьверджаная, але прадукт будуць дарабляць цягам году. Чыпсы будуць трох відаў: з сольлю, цыбуляй і сьмятанай і чымсьці мясным (пакуль не вырашылі), расказаў кіраўнік «Онта-біятэхналёгіі» Сяргей Макараў.
У асноўным чыпсы будуць пастаўляць на нямецкі і расейскі рынкі, беларускі застанецца тэставым празь «невялікую ёмістасьць».
Чыпсы вонкава не адрозьніваюцца ад звычайных: цвыркуновай мукі ўсяго 2%, але гэтага дастаткова, каб у складзе зьявіліся бялок і хітын, які карысны для страваваньня і спрыяе пахудзеньню, часам выкарыстоўваецца ў фармакалёгіі.