Ніякіх прыкметаў кампрамісу паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі па-ранейшаму няма, піша «Голас Амэрыкі».
Сустрэча Дональда Трампа зь лідэрамі Кангрэсу ў Белым доме абарвалася, ледзь пачаўшыся, паведамілі журналістам сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр і лідэр дэмакратычнай меншасьці ў ніжняй палаце Стэн Хоер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп усклаў на дэмакратаў адказнасьць за сьмерць дзяцей мігрантаўСам Дональд Трамп у сваім твіце, які неўзабаве пасьля гэтага зьявіўся ў сеціве, напісаў, што адразу пасьля таго, як Нэнсі Пэлосі адмоўна адказала на пытаньне прэзыдэнта аб будаўніцтве сьцяны на мяжы з Мэксыкай, ён устаў і, разьвітаўшыся, выйшаў з кабінэта.
«Толькі што сышоў з сустрэчы з Чакам (Шумэрам) і Нэнсі (Пэлосі), абсалютнае марнаваньне часу. Я спытаў: што здарыцца праз 30 дзён, калі я хутка адкрыю (урад), ці ўхваліце вы бясьпеку на мяжы, якая ўключае ў сябе (будаўніцтва) сьцяны або сталёвага бар’еру? Нэнсі сказала: не. Я сказаў: да пабачэньня, ніякіх іншых варыянтаў няма!», — напісаў Трамп.
Раней 10 студзеня (на 19-ы дзень частковага закрыцьця фэдэральнага ўраду) прэзыдэнт Трамп наведаў Капіталійскі ўзгорак, каб правесьці сустрэчу з заканадаўцамі-рэспубліканцамі. Пасьля завяршэньня сустрэчы прэзыдэнт заявіў, што Рэспубліканская партыя адзіная ў сваім патрабаваньні гарантаваньня бясьпекі на мяжы.
Паводле Трампа, плян узьвядзеньня сьцяны на мяжы з Мэксыкай, які ён адстойвае, карыстаецца «велізарнай падтрымкай» — у тым ліку сярод дзяржаўных службоўцаў, адпраўленых у неаплатныя адпачынкі або вымушаных працаваць без аплаты. «Яны хочуць бясьпекі ў краіне, і я хачу таго ж», — сказаў прэзыдэнт. Ён падкрэсьліў, што краіне патрэбны сьцяна на мяжы і рэальная іміграцыйная рэформа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакраты прапануюць плян, які дазволіць разблякаваць урад ЗШАДональд Трамп па-ранейшаму дапускае магчымасьць увядзеньня надзвычайнага становішча, каб пабудаваць сьцяну бяз згоды Кангрэсу. «Для мяне мяжою стане той момант, калі я зразумею, што не магу дасягнуць дамоўленасьці зь неадэкватнымі людзьмі», — сказаў ён.
Частковае закрыцьцё фэдэральнага ўраду, так званы «шатдаўн», працягваецца ў ЗША з 22 сьнежня. Заканадаўцам не ўдалося дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, на чым настойвае прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп; праз гэта бюджэт апынуўся заблякаваным. Каля 800 тысяч фэдэральных службоўцаў адпраўленыя ў вымушаны адпачынак або працуюць без зарплаты. Гэта другі паводле працягласьці «шатдаўн» у гісторыі ЗША.