Лукашэнка амаль 2 хвіліны прамаўляў па-беларуску, а ягоны сын граў на фартэпіяна «Куточак Беларусi». ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка сёньня на ўрачыстасьці ў Палацы Рэспублікі

На цырымоніі ўручэньня прэміі «За духоўнае адраджэньне» у Палацы Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка частку прамовы прачытаў па-беларуску.

У эфіры першага каналу БТ быў паказаны фрагмэнт прамовы. Пасьля Лукашэнка працягнуў выступ па-расейску. Беларускамоўны фрагмэнт заняў каля 2 хвілінаў. У роліку ён паказаны ня цалкам.

Лукашэнка рэдка выступае публічна на беларускай мове. Гэта адбываецца раз на пяць гадоў падчас прыняцьця прысягі прэзыдэнта. Некалькі разоў ён устаўляў беларускамоўныя фрагмэнты ў прамовы падчас іншых урачыстасьцяў, у прыватнасьці з нагоды Дня беларускай навукі. Беларускія словы кіраўнік краіны часта выкарыстоўвае зьедліва, калі кажа пра сваіх палітычных апанэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: сьвет губляе духоўныя арыенціры, а беларусы дбаюць пра духоўную чысьціню

На канцэрце таксама выступіў малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка. Разам са сваім выкладчыкам Аленай Асташкінай-Мысліўчык ён зайграў фантазію для двух фартэпіяна і голасу на тэмы песень з альбому «Куточак Беларусi» Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай.