Менгарвыканкам будзе разам з адміністрацыяй Фрунзенскага раёну Менску адказьнікам па пазове менчука Дзяніса Тушынскага, нязгоднага з будоўляй новай раённай пракуратуры і гарадзкога аддзелу міліцыі сярод жылых дамоў на вуліцы Данілы Сердзіча.
Далучыць гарадзкія ўлады да адказьнікаў у разглядзе пазову вырашыў Фрунзенскі суд на папярэднім паседжаньні, якое адбылося 9 студзеня. Прадстаўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёну сталіцы не прызнаў пазоў Тушынскага, і цяпер бакі будуць рыхтавацца да асноўнага паседжаньня, якое заплянаванае на 14 студзеня.
Чаго дамагаюцца Дзяніс Тушынскі і жыхары дамоў побач будоўляй па адрасе вуліца Данілы Сердзіча, 12, якая ідзе ўжо амаль год?
Актывіст экалягічнай арганізацыі «Зялёны дазор», менскі выкладчык Дзяніс Тушынскі распавёў Свабодзе, як пачынаўся канфлікт:
«Тут заплянавана пабудаваць адміністрацыйны будынак, у якім меркавалася разьмясьціць раённае ДАІ, пракуратуру і гарадзкі аддзел міліцыі. У 2016 годзе, калі праходзіла грамадзкае абмеркаваньне, жыхары выказалі больш за 100 заўваг, я дык увогуле быў супраць будоўлі.
Але праблема ў тым, што больш за 70% нашых заўваг зусім не ўлічылі. У прыватнасьці, праігнаравалі тое, што жыхары былі катэгарычна супраць будоўлі ў нашых дварах гарадзкога аддзелу міліцыі і супраць вялікай паркоўкі, дзеля якой будаўнікі зьнішчылі ў двары сотні дрэваў. Яшчэ жыхароў падманулі з інфармацыяй пра праект.
Таму дамагаюся ад адміністрацыі раёну новага грамадзкага абмеркаваньня будоўлі, бо паводле закону адміністрацыя адказвае за грамадзкае абмеркаваньне», — сказаў Свабодзе Дзяніс Тушынскі.
Адзін з актывістаў, жыхар суседняга дома Алег Харатаненка бачыць у пазове ў суд магчымасьць пазбыцца непрыемнага суседзтва з аб’ектам, які ён называе падземнай турмой.
«Будоўлю ўжо не закрыць, яе вядуць фарсаванымі тэмпамі, нават на Раство ад 7 раніцы тэхніка працавала. Але яшчэ магчыма перапрафіляваць будынак, зьмяніць хаця б аднаго гаспадара — гарадзкі аддзел міліцыі.
Тут у цокальным паверсе будуць падземныя камэры, значыць, вакол пляцоўкі будзе калючы дрот, аўтазакі кругласуткава будуць езьдзіць туды-сюды. Нікому з жыхароў гэта не падабаецца. А супраць пракуратуры мы нічога ня маем», — кажа актывіст.
Яшчэ адна жыхарка суседняга дома, Тацяна Дзянісава, асабліва перажывае за страчаныя дрэвы.
«Найхутчэй, раённай ДАІ ў гэтым будынку ўжо ня будзе, бо ДАІ пераехала ў новы будынак на вуліцы Лясной. А паводле праекту паркоўка заплянаваная на 96 машын, прычым нам на абмеркаваньні гэтак і тлумачылі, што ў асноўным дзеля ДАІ трэба столькі месцаў. У выніку столькі дрэваў сьпілавалі, якія мы сваімі рукамі высаджвалі! Але калі ДАІ ня будзе, дык навошта такая вялікая паркоўка? Яе можна зьменшыць удвая і зноў высадзіць дрэвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску высякаюць сквэр для будынку міліцыі, пракуратуры і ДАІЧаму з пазовам выкладчыка Дзяніса Тушынскага не пагадзіўся прадстаўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёну?
Павал Тумас, які працуе намесьнікам начальніка раённай управы архітэктуры і будаўніцтва, ня згодны, што грамадзкае абмеркаваньне праекту будоўлі на вуліцы Данілы Сердзіча, 12, якое праводзілі ў 2016 годзе, было арганізавана з парушэньнямі. Паводле чыноўніка, інфармацыя пра абмеркаваньне была разьмешчаная ў патрэбныя тэрміны, вытрыманыя ўсе іншыя «працэдурныя патрабаваньні».
Што да правядзеньня новага грамадзкага абмеркаваньня, гэтае патрабаваньне чыноўнік назваў недакладным па адрасе. Так, раённая адміністрацыя праводзіць грамадзкае абмеркаваньне, але не са сваёй ініцыятывы, а на загад Менгарвыканкаму, патлумачыў суду Павал Тумас.
«Новае грамадзкае абмеркаваньне аб’екта можа прызначыць Менгарвыканкам, ягоны Камітэт па архітэктуры і будаўніцтве, туды вам і трэба зьвяртацца. Таксама вы можаце дамагацца правядзеньня будаўнічай экспэртызы», — параіў Павал Тумас Дзянісу Тушынскаму ды іншым актывістам.
Што вядома пра будынак, які ўзводзяць сярод жылых дамоў на вуліцы Данілы Сердзіча?
Паводле зьвестак, акрамя кабінэтаў ды іншых службовых памяшканьняў, да паслугаў супрацоўнікаў пракуратуры і міліцыянтаў будуць дзьве трэнажэрныя залі, заля настольнага тэнісу, 4 буфэты, шмат пакояў адпачынку. «Нават пэрсанальны гараж для машыны пракурора запраектаваны», — кажуць актывісты і дадаюць, што ўвесь аб’ект каштуе каля 16 мільёнаў рублёў.
Увесьці будынак у строй заплянавана ў верасьні 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто за год найбольш нашкодзіў беларусам? Галасаваньне за «антыпрэмію»