Крымінальная справа аб бязьдзейнасьці службовай асобы ў дачыненьні галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай перадалі ў Генэральную пракуратуру, паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.
Паводле яе, крымінальная справа перададзеная пракурору 2 студзеня.
Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачанай у «справе БелТА». Ёй прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу (бязьдзейнасьць службовай асобы). Санкцыі артыкулу — штраф, пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа БелТА». СК адмовіўся спыніць крымінальны перасьлед галоўнай рэдактаркі Tut.byПершапачаткова ў справе праходзілі 15 фігурантаў — рэдактараў і журналістаў розных СМІ. Усе яны, акрамя Золатавай, абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК) і раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў), усе фігуранты пакрылі прад’яўленую шкоду. Сумы — ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Нагодай да завядзеньня крымінальнай справы стаў зварот генэральнага дырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з нагоды збояў пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на навіны БелТА.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.