Амэрыканскі пэнсіянэр турэцкага паходжаньня Ількер Коджахан вырашыў прамяняць Нью-Ёрк на Горадню. Менавіта тут адчувае сябе шчасьлівым і хоча ажаніцца. Пра жанчын, дарэмную мару жыць у Нью-Ёрку і баскетбольныя пляцоўкі ён распавядае Свабодзе.
Зарабляў 110 тысяч даляраў на год
Ількеру Коджахану (Ilker Kocahan) 63 гады. Паходзіць з Турэччыны. Апошнія 17 гадоў жыў у Нью-Ёрку. Працаваў архітэктарам. Страціў жонку пасьля цяжкай хваробы тры гады таму. Мае дзьвюх дарослых дачок. Сёлета ў лютым афіцыйна выходзіць на пэнсію і зьбіраецца пераехаць у Беларусь. Вяртацца ў Турэччыну ня хоча.
«У Турэччыне цяпер вельмі небясьпечна, хоць турысты могуць гэтага і не адчуць. Жанчына ня мае шмат правоў. Я адчуваю сябе ў Турэччыне, як 20 гадоў таму, нават яшчэ горш. Кожны мае зброю», — кажа Ількер.
Дочкі Ількера Эзгі і Эгі
Ягоная старэйшая дачка выйшла замуж і вярнулася ў Стамбул, працуе дызайнэркай інтэр’ераў, малодшая — настаўніцай у Нью-Ёрку.
Ількер знайшоў у ЗША працу архітэктара праз два месяцы пасьля пераезду. Атрымліваў досыць высокі для заробак — 110 тысяч даляраў за год. Аднак пэнсія будзе значна ніжэйшая, каля 2 тысяч даляраў на месяц — 1,5 тысячы ад ЗША, 500 даляраў ад Турэччыны.
Мужчына пачаў шукаць больш камфортную краіну для сваіх магчымасьцяў.
«У Лёндане дорага. У Санкт-Пецярбургу, дзе ёсьць сябры, вельмі холадна; ва Ўкраіне крызіс», — адкідаў ён варыянты адзін за другім.
У ЗША эскізы каштавалі да 1,5 тысячы даляраў, у Беларусі менш
Прывабнымі для яго засталіся Латвія, Польшча і Беларусь. Ількер напісаў паведамленьні сябрам з пытаньнем, хто што ведае пра магчымасьці ў гэтай частцы сьвету.
Празь сяброў адгукнулася Марына зь Беларусі, запрасіла прыехаць. Пазнаёміла Ількера зь мясцовымі мастакамі, звадзіла яго ў галерэі. Урэшце Ількеру прапанавалі працаваць у выставачнай залі.
«Усе да мяне добра ставіліся. Я вельмі шчасьлівы тут. Мне прапанавалі працу за прыкладна 300 даляраў», — кажа Ількер.
Цяпер ён рыхтуе сваю першую ў Беларусі выставу. Цэлымі днямі сядзіць у гарадзкой кавярні і малюе акварэльныя эскізы. На аркушах паперы — замалёўкі Нью-Ёрку, Вашынгтону, Італіі, Францыі.
Адна ягоная праца ў Амэрыцы каштуе 700-1500 даляраў. Але для беларусаў мастак плянуе зрабіць зьніжку і прадаваць свае замалёўкі па 150-200 даляраў.
«Амэрыка — няўтульная краіна»
Ількер мае добрае ўражаньнем ад беларусаў. Апісвае як адукаваных, прыгожых людзей, якія ставяцца да іншых з пашанай. Паводле ягоных назіраньняў, тут больш людзей разумеюць і цэняць мастацтва, чым у Амэрыцы.
«Людзі мараць паехаць у Нью-Ёрк, але Амэрыка — няўтульная краіна. Яна „забівае“ людзей. Людзі з адукацыяй доктара ідуць працаваць афіцыянтамі, гувэрнанткамі. Працуюць вельмі цяжка. Атачэньне непрыязнае. Многія губляюць галаву», — заўважае Ількер.
Ён часьцей у Амэрыцы сутыкаўся з канкурэнцыяй, зайздрасьцю, таму прыемна зьдзівіўся, калі яго прыязна прынялі ў Беларусі. На ягоную думку, пасьля 40 гадоў у Амэрыцы цяжка прыстасавацца. Калі пераяжджаць, то маладым.
За фіктыўны брак амэрыканцу прапаноўвалі 50 тысяч даляраў
У Горадні Ількер пазнаёміўся зь яшчэ адной Марынай. Ёй 48 гадоў, працуе ў мэдычнай сфэры. Пачалі сустракацца. Ількер хацеў бы ў будучыні ажаніцца зь ёй, але ня ведае, ці яна захоча. Мужчына кажа, што спачатку Марына лічыла яго старым, бо ў іх розьніца 15 гадоў. А цяпер ужо шмат разоў пашкадавала пра тое.
«Я ўбачыў, наколькі мужчына можа зрабіць жанчыну шчасьлівай. Я люблю беларускіх жанчын», — падсумоўвае ён.
Сьцьвярджае, што беларускі прыгожыя, а на прыгажосьць, паводле сваёй працы, ён зьвяртае ўвагу ў першую чаргу.
«Я не курэц, ня хлус, вельмі чысты. Я вельмі добры тата, спакойны, даю дочкам карыстацца банкаўскай карткай», — адзначае ён уласныя плюсы.
З будучай жонкай Ількер хоча ажаніцца ў Амэрыцы, каб яна магла атрымаць грын-кард і мела магчымасьць свабодна туды прыяжджаць.
«Беларускія жанчыны, выйшаўшы замуж за амэрыканскага грамадзяніна, хочуць жыць у Амэрыцы. А я хачу жыць тут. Я люблю Горадню. У гэтым вялікі канфлікт», — кажа ён.
Прызнаецца, што яму неаднаразова прапаноўвалі фіктыўны брак дзеля таго, каб пераехаць у Амэрыку.
«Жанчыны мне прапаноўвалі 50 тысяч даляраў гатоўкай. Я ніколі ня бачыў такіх грошай у кішэні. Калі б я любіў грошы, то пагадзіўся б. Але я не магу без каханьня», — кажа ён.
Паводле яго, амэрыканскія жанчыны больш за ўсё любяць грошы.
«Ім трэба грошы, грошы, грошы. Калі жанчына ўбачыць больш моцнага мужчыну, які больш зарабляе, яна можа кінуць свайго папярэдняга і пайсьці да другога», — расчаравана кажа ён.
У крамах цяжка знайсьці ялавічыну, а на вуліцах — сустрэць інвалідаў
Ількер пералічвае шэраг адрозьненьняў краінаў, дзе ён жыў.
Ня ўсё з таго, да чаго ён прывык, можа набыць у горадзенскай краме.
«Ты знойдзеш толькі маленькія мандарыны і бананы. У Турэччыне ты можаш купіць дыню, клубніцы, іншую садавіну ў любы час».
Да таго ж мужчына не ўжывае сьвініны, а знайсьці ялавічыну або іншае дазволенае мусульманам мяса ў Беларусі аказалася для яго складана.
Ён заўважае, што ў Амэрыцы шмат людзей з мэнтальнымі або фізычнымі асаблівасьцямі на вуліцах. У Беларусі іх не відаць «Пэўна, яны сядзяць дома», — дапускае Ількер.
Тут яму больш бясьпечна, бо нават пешаходы на чырвонае сьвятло стаяць і чакаюць, што для турыста незвычайна. Заўважае, што ў Нью-Ёрку ёсьць паркі, дзе можна гуляць, а ёсьць раёны, куды лепей не заходзіць, бо там могуць напасьці.
«У Беларусі я лічуся старым»
Пэнсіянэр зьдзіўляецца, як людзі выжываюць на 100-150 даляраў пэнсіі. Кажа, што сам бы ня здолеў існаваць на такую суму.
«Я ўвесь час наведваю кавярні, рэстарацыі са сваёй жанчынай. Я не хачу ашчаджаць грошы. Жыцьцё такое кароткае, але прыгожае».
Ён з сумам назірае, што пажылых людзей там не відаць. Мяркуе, што прычына — нізкія заробкі.
«Адна кава каштуе 3 рублі. Гэта вельмі дорага пры такіх заробках».
Ількер з усьмешкай кажа, што па беларускіх мерках ён ужо стары ў свае 63. У Турэччыне — нават вельмі стары, а ў ЗША — чалавек сярэдняга ўзросту.
Ён любіць гуляць у баскетбол. У Турэччыне гуляў, калі яму было 30 гадоў. У ЗША прыйшоў на пляцоўку ў 55 гадоў і лічыўся там «дзіцем». Бо існуюць адмысловыя групы для людзей 50-80 гадоў. У Горадні адкрытых баскетбольных пляцовак Ількер пакуль ня бачыў.
Падобнае атрымалася і з начнымі клюбамі.
«Я схадзіў у клюб, а там моладзь 20–25 гадоў. Людзі майго ўзросту ў Беларусі туды ня ходзяць», — зьдзіўляецца ён.
«Пытаюцца, навошта я зноў прыехаў»
Пакуль Ількер жыве ў Горадні па турыстычнай візе. Празь месяц ейны тэрмін заканчваецца, і мужчына будзе вымушаны зьехаць. Але хоча вярнуцца сюды на сталае жыцьцё.
У плянах адкрыць у Горадні свой навучальны цэнтар і рыхтаваць архітэктараў і мастакоў.
Мову таксама яшчэ належыць вывучыць. Ількер прызнаецца, што беларуская для яго пакуль занадта цяжкая. Па-расейску ведае 40-50 словаў. Сваю каханую вучыць ангельскай мове з дапамогай малюнкаў.
На думку амэрыканца, Беларусь ня вельмі адкрытая краіна. Кожны трыццаты дзень ён мусіць выяжджаць з краіны, набываць страхоўку і зноў вяртацца. Кажа, што ў Амэрыцы чалавек можа знаходзіцца 6 месяцаў, і паліцыя ня будзе яго турбаваць.
У Беларусі міліцыянты неаднаразова да яго прыходзілі і пыталіся пра мэту візыту.
«Пытаюцца: „Навошта ты зноў прыехаў?“ Чаму вы пытаецеся ў мяне, калі вы мне далі бясплатную візу на 90 дзён? У мяне тут жанчына. Запытайцеся ў мяне, калі міне 90 дзён», — абураецца Ількер.
Ён лічыць сябе грамадзянінам сьвету, касмапалітам.
«Сьвет для цябе, для мяне, для ўсіх. Амэрыка, Аўстралія, Бразылія, Канада — мае краіны, хоць я там не нарадзіўся. Цi гэта нармальна, што беларус пытаецца ў мяне, турка, чаму я тут?».