Ужо сёньня: гадавіна забароны газэты «Наша доля»

Першы нумар газэты «Наша доля»

Падзеі 11 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 студзеня 1907 году рашэньнем віленскага суду было забаронена выданьне газэты «Наша доля». Галоўнага рэдактара і выдаўца газэты Івана Тукеркеса асудзілі на 1 год турмы.

«Наша доля» выдавалася з 1 верасьня 1906 году ў Вільні і стала першай легальнай беларускай газэтай. Праіснавала яна нядоўга — выйшла ўсяго 6 нумароў, зь іх 4 былі канфіскаваныя, сёмы быў зьнішчаны яшчэ ў наборы. Палова накладу друкавалася кірыліцай, а палова — лацінкай.

Таксама ў гэты дзень

1386 — пасольства польскай шляхты падпісала ў Ваўкавыскім замку дамову зь Ягайлам, згодна зь якой ён атрымліваў польскі трон ды жаніўся зь Ядвігай.

У гэты дзень нарадзіліся

1867 — Сьцяпан Рункевіч, беларускі гісторык царквы.

1955 — Аляксандар Ісачоў, беларускі мастак.

У памяці

1397 — памёр Скіргайла Альгердавіч, вялікі князь літоўскі.

1864 — расстраляны Тытус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году і паплечнік Кастуся Каліноўскага.

1983 — памёр Ціхан Кісялёў, першы сакратар ЦК КПБ.