Нямецкі хакер, ахвярамі якога сталі сотні палітыкаў, мае 20 год і жыве з бацькамі

У Нямеччыне арыштавалі падазраванага ў датычнасьці да буйной уцечкі асабістых дадзеных сотняў палітыкаў, журналістаў і знакамітасьцяў, пра якую стала вядома некалькі дзён таму.

Як паведаміла ў аўторак нямецкая паліцыя, арыштаванаму 20 гадоў, ён жыве ў зямлі Гэсэн разам з бацькамі. Па дадзеных крыніц часопіса Spiegel і агенцтва DPA, ён прызнаўся ў тым, што выклаў асабістыя дадзеныя палітыкаў у інтэрнэт.

У заяве нямецкай паліцыі гаворыцца, што падазраваны прызнаўся, што дзейнічаў у адзіночку. У якасьці матыву сваіх дзеяньняў ён назваў «раздражненьне публічнымі заявамі, якія рабілі палітыкі і іншыя асобы», інфармацыя аб якіх была апублікаваная. Як менавіта падазраваны атрымаў інфармацыю, не паведамляецца.

  • Як сьцьвярджаецца, падазраваны быў уладальнікам цяпер выдаленага акаўнта ў твітэры, у якім на працягу сьнежня публікаваліся дадзеныя розных вядомых асоб. У канцы сьнежня там жа былі выкладзеныя асабістыя дадзеныя: фатаграфіі, тэлефонныя нумары, адрасы і нават фрагмэнты асабістай перапіскі сотняў палітыкаў, уключаючы канцлера Ангелу Мэркель.
  • Уцечка была заўважаная вечарам 3 студзеня і выклікала палітычны скандал. Назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што менш за ўсё з парлямэнцкіх партый ад хакераў пацярпела правапапулісцкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны».
  • Прадстаўнік урада Нямеччыны Марціна Фітц заявіла, што сярод апублікаваных дадзеных няма адчувальнай і канфідэнцыйнай інфармацыі пра супрацоўнікаў урада.