Дзяржаўныя ўстановы Туркмэністану, у тым ліку школы, замянілі партрэты прэзыдэнта краіны Гурбангулы Бердымухамэдава. Замест партрэтаў прэзыдэнта з чорнымі валасамі бюджэтнікаў абавязалі закупіць яго фота зь сівізной. Партрэты «леташняга сэзону», на якіх прэзыдэнт яшчэ брунэт, цяпер прадаюцца са скідкай.
Як паведамляе Радыё Азатлык, у школах партрэты былі замененыя ў мінулыя выходныя.
Усе памяшканьні дзяржустановаў, у тым ліку школы, шпіталі, санаторыі, міністэрствы, мясцовыя адміністрацыі, мясцовыя органы самакіраваньня, праваахоўныя органы, спартовыя аб’екты і канцэртныя залі, а таксама аэрапорты і салёны самалётаў павінны мець партрэт прэзыдэнта краіны.
Партрэт прэзыдэнта Бердымухамэдава-брунэта цяпер прадаецца са зьніжкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 адрозьненьняў палітычных рэжымаў Беларусі і ТуркмэністануУ жніўні прэзыдэнт Туркмэністану Бердымухамэдаў стаў зьяўляцца на публіцы зь сівізной упершыню ад 2006 году, калі ён стаў прэзыдэнтам. Да пачатку выкананьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ён таксама быў зь сівізной, адзначае Азатлык.
У сакавіку 2018 году у Дашогускай вобласьці Туркмэністану супрацоўнікі службы бясьпекі пачалі абыход жылых дамоў у пошуках абразьлівага зь іх пункту гледжаньня выкарыстаньня газэт з фотаздымкам кіраўніка дзяржавы — напрыклад, у выглядзе прыбіральнай паперы.
У канцы 2017 году некалькіх школьнікаў у вобласьці арыштавалі за абразу партрэта прэзыдэнта. Паводле сьцьвярджэньня крыніцы Азатлык, навучэнцы атрымалі па 3-5 гадоў турэмнага зьняволеньня.