Кансалтынгавая арганізацыя Eurasia Group апублікавала сьпіс дзесяці асноўных геапалітычных рызыкаў на 2019 год.
У сьпісе перш за ўсё ацэньваецца ўплыў, які верагодная падзея можа аказаць на рынкі: таму справаздачы Eurasia Group карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў рознага роду фінансістаў і інвэстараў.
- «Насеньне крызісу». Палітыкі настолькі занятыя рашэньнем сёньняшніх пытаньняў, не заўважаюць рызык, з прычыны якіх могуць узьнікнуць крызісы ў будучыні.
- Адносіны ЗША і Кітая. Даверу паміж двума бакамі практычна няма, і як Кітай, так і ЗША пачынаюць аслабляць сувязі паміж гэтымі краінамі.
- Кібэрвайна «без пальчатак». У гэтым годзе ЗША будуць рашуча ўкараняць сваю палітыку ў кібэрсфэры, што можа ўзмацніць супрацьстаяньне ў гэтай сфэры.
- Папулізм у Эўропе. У траўні ў ЭЗ будуць выбары ў Эўрапарлямэнт, і эўраскептыкі атрымаюць больш месцаў. Гэта можа перашкодзіць здольнасьці ЭЗ дзейнічаць эфэктыўна.
- Унутраная палітыка ЗША. Палітычная нестабільнасьць у ЗША надзвычай высокая.
- «Зіма інавацый». Колькасьць сродкаў і працоўных рэсурсаў у сфэры высокіх тэхналёгій будзе зьмяншацца, прагназуюць аналітыкі. Яны прыводзяць тры прычыны: зьмяншэньне залежнасьці ад замежных пастаўшчыкоў праз пагрозы кібэршпіянажу; неспакой наконт абароны прыватных дадзеных і больш жорсткага рэгуляваньня ўрадам правілаў абыходжаньня з дадзенымі грамадзян; эканамічныя праблемы, якія паспрыяюць большай рэгуляцыі галіны.
- «Кааліцыя неахвотных». Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скептычна ставіцца да ролі Вашынгтона ў абароне сусьветнага правапарадку, і шэраг сусьветных лідэраў падтрымлівае яго ў гэтым нежаданьні.
- Мэксыка. Новы прэзыдэнт Мэксікі Андрэс Абрадор вядзе актыўную палітыку павелічэньня ролі дзяржавы ў палітычным цыкле, што можа павысіць палітычныя рызыкі ў Мэксыцы.
- Украіна. Расея спрабуе ўплываць на будучыню Кіева і ўмешвацца ў сакавіцкія выбары ва Ўкраіне з мэтай перашкодзіць пэўным кандыдатам або падтрымаць іншых кандыдатаў.
- Нігерыя. У гэтым годзе ў краіне адбудуцца найбольш канкурэнтныя выбары з часу пераходу краіны да дэмакратыі ў 1999 годзе.
Акрамя таго, небясьпекай «бяз нумару» прызнаны «брэксыт» — чаканы выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу.