Шэсьць здарэньняў праз катаньні на цюбінгу, якія здарыліся на вялікіх выходных

На месцы здарэньня ў Магілёве

Сьледчы камітэт назваў 6 выпадкаў траўмаваньня людзей праз катаньне на цюбінгу і папярэдзіў пра тэхніку бясьпекі.

Цюбінгам кіруюць, зьмяняючы палажэньне цела і такім чынам ссоўваючы цэнтар цяжару. На вялікай хуткасьці гэта не заўсёды можа атрымацца, асабліва ў дзяцей.

Што рабіць, каб пазьбегчы траўмаў?

  1. Пазьбягаць актыўнага адпачынку каля аўтамабільных дарог і чыгункі, замерзлых вадаёмаў, а таксама іншых зонаў павышанай небясьпекі.
  2. Не катацца на схілах, дзе ёсьць дрэвы, сьцены, слупы і іншае, ува што можна ўрэзацца.
  3. Выкарыстоўваць ахоўныя сродкі (налакотнікі, накаленьнікі, шаломы).
  4. Зьвяртаць увагу на ўзроставыя абмежаваньні ў інструкцыях да спартовага інвэнтару.
  5. Не адпускаць малых дзяцей катацца адных.

Што здарылася?

Сьледчы камітэт назваў 6 здарэньняў падчас спуску на цюбінгу, паводле якіх праводзяцца праверкі:

  • 6-гадовы хлопчык у Менску падчас спуску на цюбінгу ўдарыўся галавой аб дрэва, атрымаў шматлікія пераломы і траўмы;
  • 8-гадовая дзяўчынка ў вёсцы Лескаўка на Меншчыне ўдарылася галавой аб дрэва — шматлікія пераломы і траўмы;
  • 9-гадовая дзяўчынка ў Менску сутыкнулася галавой зь іншым дзіцем — цяжкія траўмы;
  • 11-гадовы хлопчык у Ваўкавыску ўдарыўся сьпінай аб камяні — цяжкія траўмы, разрывы ўнутраных органаў;
  • 8-гадовы хлопчык у Менску ўдарыўся галавой аб дрэва — шматлікія траўмы, цяпер у рэанімацыі;
  • 24-гадовы мужчына ў Магілёве ўдарыўся галавой аб ліхтарны слуп і загінуў.