Жыхарку Гомля Юлію Ганісеўскую, шматдзетную маці, наведалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 73 і ўручылі ёй «ліст шчасьця» — паведамленьне, што яна ўключана ў базу «не занятых у эканоміцы».
«Пад подпіс. На паштовых паслугах выканкам вырашыў зэканоміць. Хай настаўнікі ў завіруху цягаюцца па кватэрах», — напісала ў сацыяльнай сетцы Юлія.
Яна не «дармаедка», бо выхоўвае чацьвярых дзяцей, малодшай дачцэ няма сямі гадоў.
Дырэктар гомельскай сярэдняй школы № 73 Дзьмітры Вострыкаў не адмаўляе, што настаўнікі разносілі «лісты шчасьця».
«Але гэта было ў межах дабрачыннай акцыі „Нашы дзеці“. Наведвалі шматдзетных. Адно на другое наклалася, так атрымалася. Гэта былі не лісты, а паведамленьні. Нашы настаўнікі ўваходзяць у склад пастаяннай камісіі пры выканкаме па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», — патлумачыў дырэктар школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністарка працы дапусьціла, што «дармаедзкі дэкрэт» зьменіццаЁн кажа, што ўручэньні «лістоў шчасьця» бацькі ўспрынялі спакойна.
Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць па ўсёй Беларусі з 10 сьнежня па 11 студзеня. Акцыя складаецца з ранішнікаў, навагодніх сьвятаў, уручэньня падарункаў выхаванцам дзіцячых дамоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам.
«Мы такіх даручэньняў не давалі»
«Канкрэтна наша ўпраўленьне адукацыі такіх даручэньняў не давала, — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца начальніка ўпраўленьня адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Алена Парошына. — Больш за тое, мы прыхільнікі таго, каб настаўнікі да гэтай працы не прыцягваліся. І гэта мы тлумачым на ўсіх узроўнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія міжнародныя законы, пакты, канвэнцыі парушае «дармаедзкі» дэкрэтЯна не патлумачыла, хто мог даць распараджэньне настаўнікам школы № 73 у Навабеліцкім раёне Гомля разносіць па кватэрах лісты грамадзянам, якія ўключаны ў базу «дармаедаў».
«Пакуль наконт гэтага нічога не магу пракамэнтаваць. Будзем разьбірацца, хто даваў такія даручэньні», — сказала Алена Парошына.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.