Прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя расказалі, якое надвор’е чакае жыхароў Беларусі ў 2019 годзе.
- У студзені ў Менску ніжэй за мінус 20 не чакаецца. Паводле папярэдніх разьлікаў, сярэдняя тэмпэратура ў гэтым месяцы ў Беларусі будзе на 1 градус ніжэйшая, чым летась.
- Часовыя пацяпленьні чакаюцца на пачатку другой дэкады студзеня, але літаральна празь некалькі дзён зноў пахаладае. На Вадохрышча маразы будуць.
- Канец студзеня будзе халаднейшым, а ападкаў сёлета будзе больш, чым звычайна. Самыя марозныя дні чакаюцца 19 і 20 студзеня, на ўсходзе Беларусі, магчыма, нават будзе халадней за мінус 20. У Менску тэмпэратура не апусьціцца ніжэй —20.
- Агулам 2019 год будзе цяплейшы за сярэднюю норму. Пачынаючы з 2005-га, сярэдняя тэмпэратура ў Беларусі штогод нязначна павышаецца — на 0,1-0,2 градуса. У апошнія гады тэмпэратура, вышэйшая за 40 градусаў, не фіксавалася.
Самыя брудныя гарады Беларусі
Па выніках 2018 году, найбольш бруднымі гарадамі Беларусі назвалі Менск, Жлобін, Гомель, Магілёў, Наваполацк, Пінск. Там зафіксаванае перавышэньне таксычных рэчываў. У Менску забруджваньне зьвязанае з павелічэньнем трафіку транспарту. Найбольш брудныя ў Менску мікрараёны цягнуцца ўздоўж праспэкта Незалежнасьці.