Чвэрць літоўцаў бачыць у Менску пагрозу. А было значна менш

Літоўская кампанія Spinter tyrimai правяла апытаньне наконт пагрозаў для Літвы. У дасьледаваньні на замову Міністэрства абароны і Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў​ бралі ўдзел 1007 жыхароў Літвы ва ўзросьце ад 18 да 75 гадоў, піша delfi.lt.

Асноўныя пытаньні былі аб краінах, якія пагражаюць Літве, і гатоўнасьці літоўцаў бараніць сваю дзяржаву ў разе небясьпекі. Рэйтынг узначаліла Расея. 63% рэспандэнтаў лічаць, што вонкавая палітыка Расеі нясе пагрозу для Літвы.

На другім месцы з вынікам 23% — Беларусь. У 2016 годзе адсотак літоўцаў, якія лічылі замежную палітыку Беларусі небясьпечнай, быў амаль удвая меншы — 13%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму

Delfi.lt зьвяртае таксама ўвагу, што пасьля таго як у ЗША прэзыдэнтам стаў Дональд Трамп, павялічылася колькасьць жыхароў Літвы, якія лічаць, што замежная палітыка ЗША ўяўляе пагрозу для іхнай дзяржавы — 14%. Два гады таму такіх было 7%.

Яшчэ менш жыхароў лічаць, што пагрозу для Літвы ўяўляе замежная палітыка Нямеччыны (9%), Польшчы (5%), Швэцыі, а 3% удзельнікаў апытаньня ўважаюць, што пагрозай для Літвы ёсьць вонкавая палітыка Латвіі.

Калі б давялося са зброяй у руках бараніць радзіму, то выказалі такую гатоўнасьць 24% удзельнікаў апытаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 86% беларусаў гатовыя ваяваць за Беларусь

У асноўным гэта маладыя людзі літоўскага этнічнага паходжаньня зь вясковых раёнаў. Толькі 14% апытаных лічаць, што літоўская армія належна падрыхтаваная абараняць краіну.