Дональд Трамп заявіў, што можа выкарыстаць для будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай уладныя паўнамоцтвы, якімі прэзыдэнт ЗША мае права карыстацца ў надзвычайных сытуацыях. Гэта значыць, узьвесьці сьцяну бяз згоды Кангрэса.
Супярэчнасьці паміж Трампам і дэмакратамі ў Кангрэсе прывялі да частковага закрыцьця фэдэральнага ўрада ЗША, гэта доўжыцца два тыдні — з 22 сьнежня. Трамп заявіў, што не паставіць свой подпіс пад законапраектам, які не прадаставіць яго адміністрацыі сродкаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы.
Ён растлумачыў, што здольны назваць становішча, якое склалася на мяжы, «надзвычайнай сытуацыяй нацыянальнага маштабу» і «пабудаваць яе (сьцяну) вельмі хутка».
На будаўніцтва сьцяны Трамп патрабуе 5,7 мільярда даляраў.
Згодна з Канстытуцыяй ЗША, Кангрэс кантралюе выдаткі фэдэральнага ўрада, так што, калі Трамп вырашыць дзейнічаць падобным чынам, ён можа сутыкнуцца з юрыдычнымі праблемамі паведамляе «Голас Амэрыкі».