Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч адказала на пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму паводле новага варыянту «дармаедзкага дэкрэту» беспрацоўныя грамадзяне, якія плацяць падаткі са сваіх даходаў, трапілі ў лік дармаедаў.
У першым варыянце дэкрэту № 3 платнікі падаходнага падатку не траплялі ў лік «дармаедаў», як і індывідуальныя прадпрымальнікі і рамесьнікі.
Міністарка працы адказала, што, магчыма, нормы дэкрэту будуць перагледжаныя з улікам практыкі.
«Калі падрыхтавалі гэты дэкрэт, то ўжо ўбачылі ўнікальную сытуацыю таго, што адбываецца на рынку працы. Мы бачым шмат нестандартных сытуацый, і трэба ўсё гэта ўважліва вывучыць і далей працягваць разьвіваць. Мы будзем уносіць зьмены ў гэты дакумэнт і ня ставім у гэтай справе тлустай кропкі. Жыцьцё пакажа, што патрэбна выправіць, і мы гэта выправім», — сказала Касьцевіч.
Каля 1500 беларусаў зьвярнуліся па пароль ад «базы дармаедаў». А ў базе 500 000 чалавек
Касьцевіч расказала, што больш за паўтары тысячы чалавек зьвярнуліся па ўнікальны ідэнтыфікатар (лагін і пароль), каб праверыць, ці ўключаныя яны ў «базу дармаедаў».
Атрымаць доступ да базы можна або з электронным лічбавым подпісам (такі можна атрымаць у гарадзкіх рэгістрацыйных цэнтрах за некалькі дзясяткаў рублёў) або з паролем, які выдаюць у службах «Адно вакно» (звычайна такая адна на горад, у Менску — адна на раён, працуюць паводле папярэдняга запісу).
Паводле Касьцевіч, працэдура пошуку сябе ў базе «вельмі запатрабаваная». Пры гэтым тых, хто зьвярнуўся па пароль ад «базы дармаедаў», у 333 разы менш за тых, каго ў базу ўключылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянаў, якія сплацілі падаходны падатак, залічылі ў дармаедыМіністарка прызнала, што ў базе ёсьць некарэктныя запісы «з прычыны таго, што ідэальных інфармацыйных рэсурсаў мы ня маем». Паводле яе, цяпер ідзе актыўная апрацоўка зьвестак у базе, інфармацыя карэктуецца. Колькі людзей выключылі з базы, яна пакуль не паведаміла: «канкрэтны зрэз» будзе пасьля калядных сьвятаў.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.