Найстарэйшай ахвяры выбуху ў жылым доме ў расейскім Магнітагорску было 95 гадоў, яна загінула разам з дачкой.
Беларускай, якая загінула падчас выбуху жылога дому ў Магнітагорску раніцай 31 сьнежня, аказалася 95-гадовая Вольга Мікітаўна Анісімава, вэтэран вайны, яна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пра гэта распавяла парталу U24 яе ўнучка Надзея.
«Бабуля жыла ў акупацыі ў Ленінградзе, потым ваявала на лініі фронту, была снайпэрам. Не раз суправаджала машыны па „дарозе жыцьця“ ў блякадны горад. Дэмабілізавалася ў 1945 годзе ў званьні яфрэйтар. Мае мноства ўзнагародаў. Спакойная, разважлівая, вельмі любіла майго сына Яраслава, вучыла чытаць, пісаць. Дапамагала выхоўваць унукаў, сама плаваць ня ўмела, а іх навучыла. Ніколі ня скардзілася на здароўе, усё за нас перажывала».
Разам з Вольгай Анісімавай загінула яе 70-гадовая дачка, яны жылі разам.
Імя Вольгі Анісімавай значыцца ў сьпісе МНС Расеі, складзеным 31 сьнежня. Там гаворыцца, што яна нарадзілася 25 жніўня 1923 году ў вёсцы Бозак Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Ад восені 2010-га яна жыла ў Магнітагорску.
У Ліпеньскім сельсавеце карэспандэнту Свабоды паведамілі, што Вольга Анісімава не пражывала ў вёсцы Бозак. У дамавых і пагаспадарчых кнігах з 1952 году такое прозьвішча ня значыцца. Вяскоўцы, якім патэлефанавала Свабода, таксама не згадалі, што там жыла Вольга Анісімава.
Раніцай 31 сьнежня ў Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі адбыўся выбух, пасьля чаго абрынуліся канструкцыі аднаго з пад’ездаў 10-павярховага будынка. Пад заваламі знойдзена ўжо 37 целаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых ад выбуху ў Магнітагорску ўзрасла да 37 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і чаму ў жылых дамах у Беларусі выбухаў газ