Лявон Вольскі сабраў грошы на новы альбом

Лявон Вольскі, архіўнае фота

Беларускі сьпявак Лявон Вольскі абвясьціў у сацыяльных сетках аб завяршэньні збору грошай на выданьне альбому «Гравітацыя» — сабрана нават крыху больш, чым было трэба.

Праект ужо запісаны ў Вільні нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам і цяпер на завяршальнай стадыі. Калі менавіта будзе выдадзены альбом, пакуль не паведамлялася. Але вядомая дата і месца жывой прэзэнтацыі: 2 сакавіка ў менскім клюбе Prime Hall.

Квіткі на прэзэнтацыю ўжо прадаюцца праз інтэрнэт. У складзе гурту Volski выступаюць таксама гітарыст Павал Трыпуць, басіст Алесь Францішак-Мышкевіч і бубнач Павал Мамонаў.

Альбом «Гравітацыя» мае завяршыць трылёгію, распачатую кружэлкамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016). Перад выданьнем альбому Вольскі прадставіў два кліпы на новыя песьні: «Зьніклыя людзі» і «Апэрацыя „Адукацыя“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Песьні Лявона Вольскага можна будзе засьпяваць у караоке