Ад 1 студзеня ў Беларусі павялічылі базавую велічыню — цяпер гэта 25,5 рубля. Акрамя грашовай дапамогі, стыпэндыяў ды іншага, да «базавай» прывязаныя і штрафы. Свабода сабрала некаторыя зь іх.
Безьбілетны праезд — 12,75 рубля
Безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце, а таксама праход праз турнікет у мэтро без аплаты ці дакумэнту караецца штрафам 0,5 базавай. На момант публікацыі гэта 12,75 рубля.
Ехаць без квітка ў прыгарадным ці міжгароднім транспарце, а таксама ў цягніках даражэй — ад 17,85 да 25,5 рубля.
Прэс-сакратарку АГП Ганну Красуліну ў 2018 годзе хацелі выслаць зь Беларусі ў тым ліку за сплачаны на месцы штраф за безьбілетны праезд, але суд скасаваў гэтае рашэньне.
Лаянка ў грамадзкім месцы — да 765 рублёў
Паводле арт. 17.1 КаАП дробным хуліганствам лічацца:
- лаянка ў грамадзкім месцы;
- абразьлівыя чапляньні да грамадзянаў;
- іншыя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак, дзейнасьць арганізацыяў ці спакой грамадзянаў і праяўляюць непавагу да грамадзтва.
Такое правапарушэньне караецца штрафам ад 51 да 765 рублеў (ад 2 да 30 базавых велічыняў) ці адміністрацыйным арыштам.
Міністэрства ўнутраных справаў называе узаемадзеяньне са скульптурай царскага гарадавіка ў Менску менавіта дробным хуліганствам.
Забароненая акцыя — 1275 рублёў для грамадзян, 12 750 -- для юрыдычных асобаў
КаАП забараняе ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, яго арганізацыю ці парушэньне вызначанага парадку масавай акцыі. Акрамя штрафу, за такое правапарушэньне можа пагражаць адміністрацыйны арышт.
Максымальны штраф для фізычных асобаў — 1275 рублёў (50 базавых), для юрыдычных — 12 750 рублёў (500 базавых велічыняў).
Экстрэмізм — да 12 750 рублёў для юрыдычных асобаў
У сьнежні 2018 году Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла законапраект аб «узмацненьні барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму».
Максымальны штраф для фізычных асобаў — 2550 рублёў (100 базавых велічыняў), для юрыдычных — 12 750 рублёў (500 базавых).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 3 тысячы актыўных прыхільнікаў нацызму і нэанацызму, — міністар Шуневіч