Дзяржаўны сакратар ЗША Пампэо таксама заклікаў улады РФ даць тлумачэньне прычын арышту Пола Ўілана.
ЗША патрабуюць неадкладнага вызваленьня былога марскога пяхотніка Пола Ўілана, які быў затрыманы ў Маскве паводле абвінавачаньня ў шпіянажы, і хочуць атрымаць тлумачэньне прычын яго арышту, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
Тым часам расейскія СМІ паведамілі, што ўлады РФ дазволілі консульскі доступ да затрыманага грамадзяніна ЗША.
Раней, выступаючы ў сталіцы Бразыліі на другі дзень пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта Жаіра Балсанару, дзяржсакратар сказаў, што ўрад ЗША спадзяецца ў найбліжэйшыя гадзіны атрымаць консульскі доступ да Пола Ўілана.
Паводле Пампэо, ЗША «выразна далі зразумець Расеі, што разьлічваюць даведацца больш пра выстаўленыя абвінавачаньні і разабрацца, у чым менавіта яго абвінавачваюць».
Ўілан быў затрыманы ў Маскве ў пятніцу. Фэдэральная служба бясьпекі РФ паведаміла пра яго арышт праз тры дні, заявіўшы, што амэрыканца арыштавалі «пры правядзеньні шпіёнскай акцыі». Ніякіх дадатковых падрабязнасьцяў ФСБ не ўдакладняе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра амэрыканца, затрыманага ў Расеі па падазрэньні ў шпіянажыПаводле брата затрыманага Дэйвіда Ўілана, адстаўны марпех прыехаў у Маскву на вясельле. Сваякі Ўілана настойваюць, што ён невінаваты. «Яго невінаватасьць не падлягае сумневу, і мы спадзяемся, што яго правы будуць выкананыя», — напісаў Дэйвід Ўілан ў сетцы Twitter у аўторак. «Мы вельмі турбуемся пра яго бясьпеку і дабрабыт», — дадаў ён.
Пампэо падкрэсьліў, што, калі арышт быў неабгрунтаваным, ЗША запатрабуюць неадкладнага вяртаньня Ўілана на бацькаўшчыну.
У выпадку прызнаньня віны Ўілану пагражае да 20 гадоў турэмнага зьняволеньня.
48-гадовы Ўілан займае пасаду дырэктара міжнароднай бясьпекі ў кампаніі BorgWarner, якая займаецца пастаўкамі аўтамабільных запчастак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканец, арыштаваны ФСБ, — былы марпех, які прыехаў на вясельле