У расейскім горадзе Магнітагорску Чалябінскай вобласьці выбухнуў бытавы газ, абваліўся пад'езд, загінулі больш за 20 чалавек. Свабода згадала выбухі і атручэньні газам у жылых дамах у Беларусі за апошнія 10 год. Зь якіх прычын яны здараліся і якія былі наступствы?
Раніцай 31 сьнежня ў Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі здарыўся выбух, паводле папярэдніх дадзеных — газу, пасьля чаго абрынуліся канструкцыі аднаго з пад’ездаў 10-павярховага будынка. Раніцай 1 студзеня ратавальнікі абвяшчалі, што часова прыпыняюць пошукавыя працы, бо вонкавая сьцяна, якая ня ўпала падчас выбуху, пагражае абвалам. Зьніклымі бязь вестак лічацца яшчэ каля 30 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магнітагорску колькасьць загінулых дасягнула 21, лёс яшчэ 20 чалавек не вядомы2018 год
17 студзеня, Берасьце. Ад выбуху ў прыватным доме на вуліцы 4-й Першамайскай павалілася частка сьцен, вылецела шкло з вокнаў, пачаўся пажар. Гаспадары не пацярпелі. Па вэрсіі МНС, прычынай выбуху было парушэньне правілаў эксплюатацыі газавых прыладаў і агрэгатаў.
11 ліпеня, Гомель. У кватэры на пятым паверсе жылога дома № 32 на вуліцы Менскай адбылася ўспышка газапаветранай сумесі на кухні. Выбіла шкло і вывернула раму вакна. Пацярпеў гаспадар кватэры.
27 кастрычніка, Жлобін. Бытавы газ выбухнуў у аднапакаёвай кватэры на сёмым паверсе дзевяціпавярховіка ў мікрараёне № 3. Паводле адной з вэрсій, прычынай здарэньня стала адкрытая фаерка газавай пліты. Выбухам у кватэры вынесла вокны і дзьверы, разбурыла сьцяну на кухні, тая абрынулася на суседзяў — мужа і жонку, якія ў гэты час спалі. Сусед атрымаў траўмы галавы. 25-гадовы гаспадар атрымаў апёкі ног 1–3 ступені (20% цела). З кватэр у пад’езьдзе дома эвакуавалі 19 чалавек.
4 сьнежня, Барысаў. Выбух у прыватным доме па вуліцы Адамовіча. Будынак практычна цалкам разбураны. 39-гадовы гаспадар атрымаў тэрмічныя апёкі і быў дастаўлены ў лякарню ў цяжкім стане. Таксама пацярпела школьніца, якая праходзіла ў гэты час каля дома, ёй аскепкамі шкла парэзала руку. Адна з вэрсій сьледзтва — выбух газапаветранай сумесі бытавога характару.
2016 год
27 студзеня, Барысаў. У «хрушчоўцы» ў былым вайсковым гарадку Барысава памерлі ад атручэньня газам шасьцёра чалавек зь дзьвюх кватэр. На службовых асобаў «Барысаўмежрайгаза» завялі крымінальную справу за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За сьмерць людзей ад газу ў Барысаве пакаралі сьлесараў2013 год
23 лютага, Менск. У доме па вуліцы Пляханава, 85 у выходны дзень адбыўся выбух у двухпакаёвай кватэры на самым верхнім паверсе дзевяціпавярховіка. Двое загінулі. Вылецелі вокны, рухнулі сьценкі. Адсялялі ўвесь пад’езд і яшчэ чатыры кватэры суседняга пад’езда. Пяцёра чалавек пацярпелі. Маці і сын, якія і жылі ў кватэры, дзе прагрымеў выбух, загінулі. Выбух адбыўся з прычыны вялікай колькасьці газу ў жылых памяшканьнях. У Сьледчым камітэце казалі пра вэрсію суіцыду.
2012 год
8 лютага, Лагойскі раён. Выбух бытавога газу ў трохпавярховым інтэрнаце вёскі Малінаўка Лагойскага раёну: амаль поўнасьцю абрынуўся пад’езд дома, адзін чалавек загінуў, пацярпелі 14. Прычынай выбуху прызналі ўзгараньне газапаветранай сумесі, якая ўтварылася ў выніку працёку газу. Жыхары дома неаднаразова зьвярталася ў аварыйную службу, бо чулі, як пахне газам, у тым ліку і ў дзень выбуху, але там як мае быць не адрэагавалі.
2011 год
13 лютага, Дзяржынскі раён. Выбух бытавога газу ў аднапакаёвай кватэры на другім паверсе пяціпавярховіка ў пасёлку Энэргетыкаў. Былі пашкоджаныя міжкватэрныя перакрыцьці, выбітыя шыбы, у фасадзе дома ўтварылася вялізная дзірка. Гаспадара кватэры з апёкамі 30% цела шпіталізавалі. Выбух адбыўся з прычыны працёку газу.
«У Беларусі адносна спакойна». Што рабіць, каб пазьбегчы бяды
Начальнік упраўленьня сыстэм газазабесьпячэньня «Белпалівагазу» Ўладзімер Русь сказаў карэспандэнту Свабоды, што пры той сыстэме эксплюатацыі і абслугоўваньня, якая дзейнічае ў Беларусі, можна адчуваць сябе «адносна спакойна».
Паводле Ўладзімера Руся, трэба выконваць правілы карыстаньня газам у быце, якія зацьверджаныя Саветам Міністраў. А таксама захоўваць правілы бясьпекі, якія газавікі тлумачаць, калі наведваюць грамадзян, і абавязкова праводзіць тэхабслугоўваньне.
«Тэхабслугоўваньне прыбораў і газаправодаў — гэта гарантыя нашай бясьпекі. То бок павінна быць выразнае выкананьне рэкамэндацый і абавязковае тэхабслугоўваньне. Гэта ня так складана і страшна, калі робяцца ўсе неабходныя захады.
Газавая гаспадарка сёньня ў Беларусі абслугоўваецца на патрэбным узроўні. У нас наладжана сыстэма прафіляктычнай працы, у тым ліку і тэхнічнай. Абавязковыя рэглямэнты працы.
Канечне, ад усяго нельга застрахавацца. Але пры той сыстэме, якая дзейнічае ў нас, па эксплюатацыі і абслугоўваньні, мы можам быць адносна спакойныя. Але асабліва расслабляцца няма сэнсу».
Уладзімер Русь згадвае толькі адзін выпадак выбуху газу ў жылым шматкватэрным доме — у Малінаўцы ў Лагойскім раёне. Тады парушэньні дапусьцілі арганізацыі газазабесьпячэньня.
«У нас былі спробы суіцыдаў, калі людзі самі загазоўвалі кватэру. Гэта прыводзіла да выбухаў, бо ў такіх выпадках дасягаецца небясьпечная канцэнтрацыя, калі здараецца выбух. І ратавала тое, што апэратыўна рэагавалі людзі, тэлефанавалі па нумары 104», — сказаў прадстаўнік «Белпалівагазу».