У эканамічным судзе Менску адбылося папярэдняе паседжаньне з нагоды пазову дзяржаўнага прадпрыемства «Домэнэргасэрвіс» супраць Партыі БНФ.
Прычына ў запазычанасьцях у аплаце арэнды памяшканьня, у якім ад 2011 году месьціцца штаб-кватэра партыі. Пазоўнік патрабуе скасаваць дамову арэнды ў будынку на вуліцы Чарнышэўскага, 3.
Працэс прызначаны на 16 студзеня.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў перакананы: пагроза пазбаўленьня цэнтральнай сядзібы найстарэйшай апазыцыйнай арганізацыі мае выразны палітычны падтэкст. Пры тым, што партыі няма ў сьпісе нядобрасумленных арандатараў, які публікуе Менгарвыканкам (у той час як там знаходзяцца ляяльныя да дзяржавы Камуністычная партыя Беларусі ды прарасейскае «Братство белорусов и россиян»), атрымана каманда на высяленьне.
«Мы маем шэсьць дамоваў арэнды на памяшканьні сядзібы, пазоўнік просіць адну зь іх скасаваць, — адзначыў ён. — Уласьнік падаў позву, нягледзячы на тое, што партыя выконвае абавязаньні на падставе ўзгодненага графіка аплаты запазычанасьцяў, а таксама аплаціла бягучыя плацяжы».
Як удакладніў палітык, у судзе прадстаўнікі Партыі БНФ прад'явілі доказы аплаты паводле графіку ліквідацыі запазычанасьцяў. На 31 сьнежня, згодна з афіцыйнай дамоўленасьцю з арэндадаўцам, усе запазычанасьці выплачаныя, як і арэнда за сьнежань. Неаплочаныя плацяжы па мясцовых структурах Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне», аднак дынаміка ахвяраваньняў дае спадзеў на ліквідацыю і гэтых запазычанасьцяў.
«Дзякуючы ахвяраваньням мы сабралі больш за 20 тысяч рублёў на аплату сядзібы, — тлумачыць Рыгор Кастусёў. — Гэта дазволіла нам аплаціць блізу дзьвюх трацінаў ад неабходнай сумы. Я шчыра ўдзячны сотням людзей, якія пералічваюць сродкі — асноўную масу складаюць сумы ад 1 да 50 рублёў. Народная падтрымка дазваляе разьлічваць, што мы зробім усё магчымае, каб захаваць адзіную ў Менску сядзібу пад бел-чырвона-белым сьцягам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ зьвярнулася па грашовую дапамогу да вязьняў Плошчы-2010Як высьветлілася ў судзе, структуры БНФ па ўсіх дамовах вінаватыя каля 10 тысяч рублёў. Са свайго боку партыйцы прапанавалі арэндадаўцу міравое пагадненьне на наступных умовах: яны ліквідуюць запазычанасьці, а «Домэнэргасэрвіс» адклікае позву.
Аднак юрыст пазоўніка адхіліў такі варыянт, суд вырашыў пачаць разглядаць справу 16 студзеня. Да гэтага часу Партыя БНФ плянуе аплаціць запазычанасьці сваіх аргструктураў, каб паспрабаваць дасягнуць міравога пагадненьня.
Па словах Рыгора Кастусёва, Партыя БНФ мае актывізаваць збор сродкаў дзеля таго, каб у судзе абгрунтавана патрабаваць не скасоўваць дамову арэнды.
«Мы заклікаем усіх патрыётаў, ініцыятывы і структуры грамадзянскай супольнасьці, якія карысталіся сядзібай, аказаць падтрымку адной з галоўных незалежных пляцовак».
Як паведаміў палітык, таксама накіраваны зварот да ўладаў з просьбай прадаставіць паніжальны каэфіцыент 0,1 да стаўкі арэнды памяшканьня, які ўжо маюць іншыя палітычныя партыі і аб’яднаньні.
Ахвяраванні для аплаты сядзібы БНФ у Менску можна пералічыць праз сыстэму Разлік (АРІП)/"Расчет" (ЕРИП) у любым банку, праз інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг, інфакіёск, у банкамаце і г.д. Рэквізыты для пералічэньня ахвяраваньняў можна знайсьці на сайце raschet.by (у пошуку паслугаў набіраць БНФ ці код паслугі 4431691).