Румынія 1 студзеня пачала 6-месячнае старшынёўства ў Радзе Эўрапейскага зьвязу.
«У 2019 годзе мы будзем працаваць для моцнай, больш аб’яднанай, згуртаванай і больш дэмакратычнай Эўропы», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным у Twitter румынскага старшынёўства.
Румынія старшынюе ў ЭЗ упершыню.
29 сьнежня ў інтэрвію выданьню Die Welt прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер заявіў, што «Бухарэст ня цалкам зразумеў, што значыць старшыняваць сярод краін ЭЗ». Паводле яго, «гэтая роля патрабуе гатовасьці слухаць іншых і адкладаць уласныя інтарэсы на задні плян». «У мяне ў гэтым пэўныя сумневы», — сказаў Юнкер.
Румынія і ЭЗ маюць рознагалосьсі адносна румынскай рэформы судовай сыстэмы, якую ў Эўразьвязе лічаць палітычна матываванай і здольнай падарваць барацьбу супраць карупцыі ў краіне.
На румынскае старшынёўства ў ЭЗ прыпадзе выхад Вялікай Брытаніі з блёку, плянаваны на 29 сакавіка, і выбары ў Эўрапарлямэнт, прызначаныя на травень.
Да гэтага часу ў ЭЗ старшынявала Аўстрыя.