Сярод лесу за 80 кілямэтраў ад Гомля штогод зьбіраецца сотня чалавек, каб адсьвяткаваць Новы год. Свабода пабывала на незвычайным сьвяце ў лесе, пра якое «ведаюць толькі свае»..
Міхалёўка — „непэрспэктыўная“ вёска ў Лоеўскім раёне. Тут стала жывуць 17 чалавек, пераважна пэнсіянэры.
На Новы год празь вёску адзін за адным імчаць аўтамабілі — у лес. Дарога на «паляну казак» пазначаная паходнямі ўздоўж лясной дарогі. Там сёньня сьвята. Дзед Мароз і Сьнягурка, конкурсы, лятарэі, карагоды, падарункі, гарбата з зёлак, вогнішча «да неба» сярод засьнежаных ялінаў. Усё міхалёўцы прыдумалі, арганізавалі і робяць самі.
Традыцыю сьвяткаваньня Новага году ў лесе міхалёўцы запачаткавалі гадоў 16 таму.
«Мы зь сябрам — галоўным натхняльнікам і арганізатарам гэтага сьвята Мікалаем Шульгой — першы Новы год у лесе ладзілі дзеля маёй унучкі Лізы. Хацелі нешта цікавае прыдумаць. Ёй было тады гады чатыры. А цяпер ёй 20. У Гомлі вучыцца. Сёньня яна таксама тут — у ролі Бабы Ягі», — расказвае Анатоль Седзька.
На першых сьвяткаваньнях былі толькі свае, міхалёўцы, чалавек пятнаццаць. Сёньня на лясной паляне ня менш за сотню чалавек. Ліза Седзька памятае, як 16 гадоў таму ў цэнтры ўвагі была толькі ўнучка — усе падарункі, конкурсы былі дзеля яе. Цяпер Ліза забаўляе іншых дзяцей.
Штогод на сьвяце ўсё больш людзей. Адкуль толькі ведаюць? Едуць і едуць — з Брагіна, Лоева, Гомля, Менску, Сьветлагорску, навакольных вёсак — Каўпені, Пярэдзелкі, Уборак, Баршчоўкі.
«Значыць, падабаецца людзям», — задаволена ўсьміхаецца Анатоль.
Мікалай Шульга — нязьменны арганізатар і Дзед Мароз (толькі не кажыце дзецям). Ён сёньня з асаблівым хваляваньнем вядзе сьвята, бо сярод гасьцей чатырохгадовая ўнучка з Гомля. Дзядуля хвалюецца — хоць бы не пазнала яго. Мікалай сам жыве ў Гомлі, родам зь Міхалёўкі.
«Як можна сядзець на канапе ля тэлевізару і чакаць таго Новага году? Надакучыла. А сюды едзем з аднае прычыны — гэта радзіма. Разумееце? Цягне. І дзяцей цягнем, і ўнукаў», — кажа Мікалай.
Ягоная прыяцелька Сьнягурка прыехала на сьвята са Сьветлагорску. Іна Давыдоўская нарадзілася ў Міхалёўцы. Дзеля сьвята ў лесе пакінула дома мужа зь дзецьмі, бо меншай толькі 2 гады.
«Налета яе прывязём сюды. А я не магла не прыехаць. Як жа: зьбяруцца дзеці, будуць чакаць цудаў», — кажа Іна.
Ля вогнішча грэюцца Ганна і Аляксандр з двума малымі дзецьмі. Яны жывуць у Пярэдзелцы.
«Прыехалі ўпершыню, пачулі, што тут весела. Праўда, весела!», — дзівяцца маладыя людзі.
Уладзімер з Лоева прывёз на сьвята сваякоў і бацьку-пэнсіянэра.
«Раней дзяцей вазіў, ды вырасьлі, сын у войску, а дачка ў вучэльні. А нам на прыродзе весялей, чым дома», — сьмяецца Ўладзімер.
На зэдліках прыселі ля вогнішча пэнсіянэркі з Каўпені.
«Дзеці прывезьлі нас. Цікава! Во прадказаньні нам раздалі на Новы год. Мо жаніха тут знайду!» — усьміхаецца вясковая жанчына.
Разгарнула паперку — а там абяцаньне знайсьці новых сяброў.
«Ну і сябры трэба», — згадзілася пэнсіянэрка.
Мянчук Андрэй кажа, што сьвята ў міхалёўскім лесе нічым ня горшае за «мерапрыемствы» ў Белавескай пушчы. Ягоныя бацькі адсюль, зь Міхалёўкі. Пажылі ў Менску дый зʼехалі.
«Пацягнула на радзіму. Ужо тры гады жывуць. І я прыяжджаю», — кажа Андрэй.
З Лоева прыехаў у міхалёўскі лес Пятро Кузьміч Крот.
«Ёлкі-палкі... Ну як не прыехаць у Міхалёўку на Новы год? Тут жа ўсе свае — Краты, Башмакі, Седзькі! У гэтым лесе прайшло маё дзяцінства, тут арэлі такія былі на дубах! На ланцугах! Па восем чалавек адразу гойдаліся! Дубы і цяпер стаяць. Гойдацца няма каму», — кажа Пятро Кузьміч.
Ягоны зямляк Руслан прывёз на сьвята ў лес немцаў з Магдэбургу — Увэ і Дорыс. Тыя, хоць і ведаюць толькі нямецкую мову, але шырокімі ўсьмешкамі, мімікай і ўзьнятымі ўгору пальцамі дэманструюць, што ў беларускім лесе ім — «фантастыш». Расплываюцца ў шырокіх усьмешках, уздымаюць келіхі — і за Новы год, і за свайго сябра Руслана: у яго сёньня дзень нараджэньня.
«Піце, піце, гэта нямецкая гарбата!», — сьмяюцца беларусы і падліваюць немцам.
Тыя праменяцца і спрабуюць сказаць, як ім падабаецца Беларусь.
«Я жыву ў Лоеве», — з гонарам прамаўляе Увэ.
Ён ужо дваццаты год прыяжджае сюды. У міхалёўскім лесе ўпершыню. Але здаецца, прыедзе зноў.