На думку аглядальнікаў Радыё Свабода, і сёньняшняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ня мела пэўнага выніку.
Расейскае агенцтва ТАСС па выніках перамоваў паведаміла, што сустрэча працягвалася за зачыненымі дзьвярыма тры з паловай гадзіны.
Раней сёньня, камэнтуючы сустрэчу двух кіраўнікоў, прэсавы сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў, што пра канкрэтныя вынікі перамоў будзе паведамлена "ў выпадку неабходнасьці". Аднак дагэтуль афіцыйнага паведамленьня так і не зьявілася.
Тым часам, сайт прэзыдэнта Расеі яшчэ а 12.30 менскага часу напісаў, што сустрэча ўжо адбылася.
Пазьней стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад прапановы Ўладзіміра Пуціна згуляць у хакей на Краснай плошчы ў таварыскім матчы «Начной лігі». Паводле слоў прэзыдэнта Расеі ў інтэрвію тэлеканалу «Расея 24», Лукашэнка спаслаўся на тэрміновыя справы ў Менску.
У дзень перамоваў газэта «Московскій комсомолец» пісала, што аб выніках перамоваў можна будзе меркаваць па тым, ці прыме Лукашэнка прапанову Пуціна згуляць у хакей на Краснай плошчы.
29 сьнежня Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся з рабочым візытам у Расеі. Лукашэнка і яго расейскі калега мелі намер «працягнуць размову па актуальных пытаньнях беларуска-расейскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 сьнежня».
Прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў заявіў 29 сьнежня, што Крэмль разглядае перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі як чарговы крок у бок саюзніцкіх адносін, але не чакае ад іх прарыўных рашэньняў.
Дракахруст: ніводны бок ня здолеў дамагчыся ад партнэра істотных саступак
Юры Дракахруст нагадвае, што падчас перамоваў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ня будзе і заклікаў не чакаць ад перамоваў прарыўных рашэньняў.
«Гэтая зьява Пяскова, — мяркуе Юры Дракахруст, — сьведчыць пра тое, што ніводзін бок ня здолеў дамагчыся ад партнэра колькі-небудзь істотных саступак нават на ўзроўні заяў. Лукашэнка пагадзіўся працягваць перамовы пра паглыбленьне саюзнай інтэграцыі, Пуцін — абмяркоўваць пажаданьні Беларусі аб эканамічнай дапамозе і кампэнсацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Маскве абверг, што яны з Пуціным надакучылі адзін адномуІ ўсё. Лукашэнка не сказаў, што, напрыклад, гатовы на адзіную валюту, Пуцін — што Беларусі расейскі падатковы манэўр будзе кампэнсаваны хаця б часткова.
Працоўная група на ўзроўні ўрадаў была створаная яшчэ пасьля мінулай сустрэчы, якая прайшла 25 сьнежня. Было дзіўна, калі яе склад з абодвух бакоў зацьвердзіў... прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Напэўна, фармальна, як старшыня саюзнага Саўміну (Лукашэнка — старшыня Дзяржсавету саюзнай дзяржавы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: Расея не плянуе далучаць да сябе БеларусьАле гэтая працоўная група ня можа вырашыць палітычныя пытаньні. Чыноўнікі могуць, напрыклад, распрацаваць мэханізм пераходу на адзіную валюту, але пераходзіць ці не — гэта ня іх узровень, гэта канстытуцыйнае пытаньне. А на адпаведным узроўні, на ўзроўні прэзыдэнтаў, яно не было вырашанае і сёньня.
Аднак пры гэтым расейскі бок, Пуцін настойліва паўтараюць, што рэалізацыя саюзнай дамовы 1999-га году — на парадку дня, Расея ад прапановы пераходу на адзін рубель, стварэньня супольнай мытні, не адмаўляецца.
Ужо сёньня было заяўлена, што перамовы на ўрадавым узроўні, праца той самай працоўнай групы працягнецца і ў наступным годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея створаць працоўную групу па інтэграцыі, а пра газ вызначацца з 2020 году, — расейскі віцэ-прэм’ерНавошта была патрэбная сёньняшняя сустрэча, праз 4 дні пасьля папярэдняй?
Для зьверкі гадзіньнікаў, як сказаў Пуцін. Хутчэй для высьвятленьня, што ніводзін з бакоў ня ў стане прымусіць іншага да саступак.
Ну а ўсё астатняе — словы ветлівасьці. Напярэдадні сустрэчы 25 сьнежня Лукашэнка ў Менску сказаў, што расейцаў ужо нібыта неяк і не выпадае называць братамі, гэта, паводле яго, вынікае з пазыцыі некаторых расейскіх кіраўнікоў. Сёньня Лукашэнка, зрабіўшы ўкол тады, «расшчодрыўся» і павіншаваў з Новым годам «расейцаў, нашых братоў». З маленечкай паўзай перад другім словам.
Так што зноў браты. Хіба шкада? А вось нечага больш сур’ёзнага і не рытарычнага — шкада».
Валер Карбалевіч: навошта было сустракацца?
«Варта зьвярнуць увагу, што Ўладзімер Пуцін у вітальным слове ў пачатку сустрэчы зазначыў галоўнае пытаньне парадку дня перамоваў: «Папрацуем у кірунку разьвіцьця нашых плянаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы».
То бок пазыцыя расейскага боку даволі пасьлядоўная: грошы будуць толькі пры ўмове, што Беларусь пагодзіцца на далейшую інтэграцыю з Расеяй на аснове дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году. Пра гэта казаў і кіраўнік ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў, і першы віцэ-прэм’ер РФ Антон Сілуанаў.
Рэплікі Аляксандра Лукашэнкі наконт тэмы перамоваў былі больш расплывістымі. Ён ня супраць гаварыць пра інтэграцыю.
Створаная працоўная група пачне працаваць толькі пасьля сьвятаў. Таму незразумела галоўнае: навошта было сустракацца? Каб прагаварыць адзін аднаму пазыцыі, якія былі сфармуляваны яшчэ падчас перамоваў 25 сьнежня?»
***
Чарговы ўсплёск напружаньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях узьнік пасьля таго, як Масква абвясьціла пра так званы падатковы манэўр, у выніку якога бюджэт Беларусі за наступныя 6 гадоў можа панесьці страты памерам да 10 мільярдаў даляраў.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.