Праўда ці хлусьня? Фэйкі 2018 года ў праекце «Фактограф»

Сёлета Свабода запусьціла ўласны фактчэкер. У праекце «Фактограф» мы спраўджвалі спрэчныя навіны і заявы. Прыгадайце з намі гучныя леташнія фэйкі.

Факт 1. Ці праўда, што забарона продажу алькаголю ўначы шкодзіць грамадзтву?

«Досьвед як Беларусі, пачынаючы з савецкіх часоў, так і замежных краін сьведчыць пра неэфэктыўнасьць і нават шкоднасьць забаронаў». Так у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі патлумачылі скасаваньне забароны прадаваць алькаголь у Менску ў начны час.

Насамрэч

У 2015 годзе ў Менску ўжо абмяжоўвалі продаж алькаголю з 22.00 да 9.00. Паводле інфармацыі міліцыі, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году колькасьць забойстваў падчас сухога закону паменшылася ўдвая, а цяжкіх цялесных пашкоджаньняў – утрая.

Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» апавядаў Аляксандар Купчэня, начальнік упраўленьня аховы правапарадку ГУУС Менгарвыканкаму.

«Выпадкаў паўторнага кіраваньня транспартам у стане алькагольнага ап’яненьня зафіксавана пазалетась 59, летась – 27. У разы зьнізілася колькасьць грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкім месцы», – расказваў ён пра экспэрымэнт з сухім законам.

Факт 2. Ці сапраўды Лукашэнка супраць цэнзуры?

«Цэнзуры ў інфармацыйнай сфэры быць не павінна [ ] Я катэгарычны праціўнік камусьці закрываць рот», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Насамрэч

Беларусь штогод займае ніжнія радкі ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы паводле арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў». Сёлета краіна заняла 155-е месца сярод 180. Гэта самы нізкі паказчык у Эўропе. Рэйтынг складаецца на падставе апытаньняў журналістаў. Іх пытаюць пра плюралізм, незалежнасьць СМІ, мэдыяасяродзьдзе і самацэнзуру, заканадаўчую базу.

Паводле справаздачы арганізацыі Index on Censorship (“Індэкс цэнзуры”) у Беларусі на працягу 2017 году былі зарэгістраваныя агулам 92 парушэньні ў сфэры свабоды інфармацыі, у тым ліку затрыманьні 101 журналіста. 30 журналістаў атрымалі абвінавачаньні.

На працягу году журналістаў 69 разоў штрафавалі за парушэньне артыкулу 22.9 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях за незаконную вытворчасьць і/або распаўсюд мэдыякантэнту.

Факт 3. Ці праўда, што адпускаць салдата «да мамкі на піражкі» шкодна для абароназдольнасьці?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Шаўцоў 22 кастрычніка выступіў супраць «лібэралізацыі» беларускага войска ў эфіры тэлеканалу АНТ.

«А як ён будзе ваяваць, калі ён на суботу-нядзелю будзе бегаць да мамкі па піражкі? Яму камандзір будзе не загадваць, а ўгаворваць, каб нешта зрабіў. Мужчына выхоўваецца нягодамі», — заявіў Шаўцоў.

Насамрэч

Ці шкодзіць абараназдольнасьці, калі салдаты адпачываюць дома, можна спраўдзіць на прыкладзе Арміі абароны Ізраілю. Вайскоўцы тэрміновай службы Ізраілю езьдзяць дахаты праз выходныя, з сабой яны бяруць зброю.

Дактрына ізраільскага войска ЦАХАЛ сфармавалася ў 1948–1949 гадах. З таго часу ізраільскае войска атрымала паразу толькі ў адным з васьмі ваенных канфліктаў — у Лібанскай вайне 1982 году.

Войска Ізраілю займае 15 і 16 пазыцыі ў сусьветных рэйтынгах баяздольнасьці паводле Business Insider і Global Firepower адпаведна. У рэйтынгу апошняй беларускае войска займае 41-ю пазыцыю. У топ-25 баяздольных войскаў сьвету паводле Business Insider Беларусь ня трапіла.

Факт 4. Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?

Расейскае ФСБ распачало крымінальную справу па факце парушэньня сваёй мяжы трыма ўкраінскімі вайсковымі суднамі. Расейскі спэцназ захапіў гэтыя караблі і 23 маракоў. Ці праўда, што ўкраінцы парушылі мяжу?

Насамрэч

Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17 і 38 Канвэнцыі ААН аб марскім праве і артыкулам 2 Дамовы паміж Украінай і Расеяй 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.

Яшчэ два месяцы таму ўкраінскія караблі спакойна плавалі праз Керчанскую пратоку. Сытуацыя абвастрылася пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваным Крыме.

Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве прынялі рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.

Факт 5. Ці праўда, што Пуцін ніколі не прапаноўваў Лукашэнку далучыць Беларусь да Расеі?

На сустрэчы з расейскім амбасадарам Міхаілам Бабічам Аляксандар Лукашэнка заявіў: «У XXI стагодзьдзі казаць (як яны пішуць там) пра інкарпарацыю, уключэнне Беларусі ў склад Расеі, проста сьмешна. І я ні разу ад цяперашняга прэзыдэнта Расеі гэтага ня чуў, і мінулага, першага прэзыдэнта Расеі».

Насамрэч

У жніўні 2002 году на перамовах з Лукашэнкам у Маскве Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі альбо адным, альбо сям’ю суб’ектамі (шэсьць вобласьцяў плюс Менск).

Па вяртаньні ў Беларусь у менскім аэрапорце Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Для беларусаў дадзеная фармулёўка будзе азначаць выбар — ці згодныя вы падзяліць Беларусь на 7 частак, уключыць іх у Расею на роўных правах з суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі. Гэта адназначна непрымальны варыянт для Беларусі, мы ніколі ня пойдзем на яго».

Празь некалькі тыдняў, на пачатку верасьня 2002-га, Пуцін яшчэ раз сфармуляваў сваю прапанову ў некалькіх варыянтах. Як паведамляў сайт Lenta.ru са спасылкай на Крэмль, першы намесьнік міністра замежных справаў РФ Валеры Лашчылін перадаў беларускаму боку пасланьне Пуціна, у якім прапаноўваліся — поўная інтэграцыя ў адзіную дзяржаву, наддзяржаўнае фармаваньне паводле мадэлі ЭЗ, а таксама праца па рэалізацыі ўжо існуючай дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Факт 6. Ці праўда, што Магілёў больш расейскі горад, чым беларускі?

Аляксандар Лукашэнка заявіў Пуціну, што Магілёў — гэта «шматок расейскай зямлі... такі, я б нават сказаў, больш расейскі, чым беларускі, гэта ўсход Беларусі». Такія словы чуваць на відэа, якое перадавалі беларускія дзяржаўныя каналы. Ці ёсьць праўда ў словах Лукашэнкі?

Невядома, чым вымярае «расейскасьць» Магілёва Аляксандар Лукашэнка. Мы праверылі гэтую «расейскасьць» па такіх паказчыках, як гістарычная прыналежнасьць і нацыянальны склад.

Насамрэч

Да якіх краінаў належаў горад?

Магілёў кантраляваўся непасрэдна расейцамі агулам ня больш за паўтара стагодзьдзя сваёй гісторыі. А менавіта:

- з 1654 па 1661 год. Расейская ўлада скончылася народным паўстаньнем, калі магілёўцы зьнішчылі ўвесь маскоўскі гарнізон (па розных зьвестках, ад 2 да 7 тысяч чалавек);

- з 1772 па 1917 год. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай да Расейскай імпэрыі адышлі ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага разам з Полацкам, Віцебскам і Магілёвам;

- з 1919 па 1924 год. Праз два тыдні пасьля ўтварэньня БССР горад перадалі ў склад РСФСР.

- з 1924 году Магілёў вярнулі Беларусі. Ад таго часу ён быў цэнтрам Магілёўскай акругі, а потым вобласьці.

Рэшту часу ён уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, БНР, БССР і Рэспублікі Беларусь.

Які этнічны склад Магілёва?

Амаль да самага 20 стагодзьдзя насельніцтва лічылі паводле рэлігійнай, а не нацыянальнай прыналежнасьці. У розныя часы большасьць насельніцтва складалі праваслаўныя ці юдэі.

На перапісе насельніцтва ў 1897 годзе жыхароў Расейскай імпэрыі распытвалі пра родную мову. У Магілёве, як амаль ва ўсіх беларускіх гарадах, большасьць насельніцтва складалі габрэі. «Рускіх» у горадзе было 38,6%. Але ў гэтую катэгорыю ўключалі ўсіх, хто гаварыў на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах.

На «Мапе беларускіх гаворак», выдадзенай Яўхімам Карскім у 1903 годзе, Магілёў месьціцца ў самым цэнтры тэрыторыі, дзе гаварылі па-беларуску.

Згодна зь перапісам насельніцтва 2009 году, у Магілёве пражывае 87% беларусаў і 7% расейцаў.

Факт 7. Ці праўда, што ў ЗША з задавальненьнем купляюць беларускія трактары?

«Нават тэхніку, трактары пачалі туды (у ЗША - РС.) пастаўляць свае, — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію «Россия 24». — З задавальненьнем купляюць, таму што памятаюць нашы МТЗ пяцідзясятыя. Уяўляеце? І яны яшчэ дзесьці ў фэрмэраў працуюць. Ім падабаецца „цана — якасьць“. Таму мы хочам зь імі супрацоўнічаць».

Насамрэч

Паводле дадзеных Белстату за 9 месяцаў гэтага году Беларусь не прадала ў ЗША ніводнага трактара, тое самае было і летась. А ў аддзеле статыстыкі МТЗ Свабодзе пацьвердзілі, што беларускія трактары ў ЗША не прадаюць з 2004 году. Ніводнага.

Факт 8. Ці праўда, што ў краінах з узаконенымі аднаполымі шлюбамі нараджаюць менш, чым у Беларусі?

«Усё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду. [ ] У іх неўзабаве сем’яў ня будзе: мужык з мужыком жэніцца або замуж выходзіць, дзяцей няма каму нараджаць, а мы ў іх пазычаем нейкія нормы паводзінаў у сям’і», — так выказаўся сёньня Аляксандар Лукашэнка наконт праекту закону аб хатнім гвалце.

Насамрэч

Каэфіцыент нараджальнасьці ў Эўразьвязе сапраўды нізкі. Але ў шэрагу краінаў, дзе ўзаконеныя аднаполыя шлюбы, ён вышэйшы, чым у Беларусі.

У Беларусі гэты каэфіцыент у 2017 годзе складаў 1,72, перадаваў БелаПАН са спасылкай на міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У Эўразьвязе вышэйшыя каэфіцыенты нараджальнасьці акурат у краінах Заходняй Эўропы. У Вялікай Брытаніі – 1,79, Ірляндыі – 1,8, Даніі – 1,79, Францыі – 1,92. Такія зьвесткі прыводзіцьЭўрастат за 2016 год: Ва ўсіх гэтых краінах дазволеныя аднаполыя шлюбы.

У ААН кажуць, што ўзровень нараджальнасьці ў Беларусі адпавядае аналягічным паказьнікам найбольш разьвітых краінаў сьвету. Яго зьніжэньне зьвязваюць зь пераходам ад традыцыйнага аграрнага грамадзтва да разьвітога індустрыяльнага.

«У традыцыйным аграрным грамадзтве дзеці разглядаліся як дадатковыя працоўныя рукі. У разьвітым індустрыяльным грамадзтве дзеці павінны працяглы час вучыцца, каб атрымаць кваліфікацыю, адпаведную сучасным патрабаваньням. Таму дарослыя аддаюць перавагу меншай колькасьці дзяцей, але лепшай якасьці іхнага жыцьця», –цытуе Telegraf.by даклад рэсурсавага цэнтру Фонду народанасельніцтва ААН за 2015 год.

Суадносіны паміж колькасьцю шлюбаў і разводаў у Беларусі і краінах Эўразьвязу таксама сувымерныя. Паводле Белстату, у Беларусі ў 2017 годзе рэгістравалі на 1000 чалавек 7 шлюбаў і 3,4 разводу. У Эўразьвязе, паводле статыстыкі Эўрастату, у 2015 годзе на 1000 чалавек было 4,3 шлюбу і 1,9 разводу.

Факт 9. Ці праўда, што беларусы на рэфэрэндуме прагаласавалі б за ўваходжаньне ў склад Расеі?

Расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што Беларусь павінна ўвайсьці ў склад Расеі, калі хоча нізкіх цэнаў на газ. На яго думку, гэта падтрымае большасьць беларусаў.

«Я ўпэўнены, калі цяпер правесьці ў Беларусі рэфэрэндум аб вяртаньні ў склад Расеі, абсалютная большасьць падтрымае гэта», — сказаў Жырыноўскі.

Насамрэч

Паводле апошніх дадзеных незалежнага сацыялягічнага інстытуту НІСЭПІ, на пытаньне «Ці прагаласавалі б вы на рэфэрэндуме за аб’яднаньне з Расеяй» станоўча адказалі толькі 29%, супраць выказаліся 52%.

Такое апытаньне праводзілася ў 2016 годзе. Але калі ў 2014 годзе ў рэспандэнтаў спыталіся пра варыянт інтэграцыі з Расеяй, то за поўнае аб’яднаньне выказваліся толькі 10% рэспандэнтаў.

У 2016 годзе яшчэ рэспандэнтам прапаноўвалі выбраць, з кім інтэгравацца: з Расеяй ці Эўразьвязам. За Расею прагаласавала 42%, за ЭЗ — 34%, а 24% устрымаліся ад адказу.

Факт 10. Ці сапраўды паўстаньне Каліноўскага было польскім?​

У беларускіх падручніках расейскай літаратуры для 8-й клясы, выдадзеных у 2018 годзе, паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў назвалі польскім.

Насамрэч

Паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага на беларускіх землях 1863-64 гадоў не мела польскага польскага кіраўніцтва, усе кіраўнікі паўстаньня былі беларусамі, выступалі за аднаўленьне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

Кастусь Каліноўскі пісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» на беларускай лацініцы, а баявыя дзеяньні паўстаньня адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе пасьля яго падаўленьня пачаліся рэпрэсіі, якіх не было ў Польшчы.

Нават савецкая гістарыяграфія прызнавала Каліноўскага беларускім героям, у яго гонар назвалі вуліцу і ўсталявалі стэлу.

Усе матэрыялу праекту «Фактограф»